Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы Парэчча слонімскія актывісты ўсталявалі памятны знак на магіле паўстанца Міхаіла Валовіча і яго 12 паплечнікаў.

У мармуры выбіты партрэт Валовіча й імёны 10 паўстанцаў — два імя высьветліць не ўдалося.

Урачыстасьць пачалі з малебну. Затым Іван Бедка, актывіст БХД, апавёў прысутным пра постаць Валовіча, яго жыцьцё і змаганьне. Ён таксама нагадаў, што крыж на гэтым месцы ўсталявалі яшчэ дзесяць гадоў таму.

Слонімскі пісьменьнік і краязнаўца Сяргей Чыгрын расказаў, што мармуровыя пліты зафундаваў жыхар Горадні Аляксандар Талерчык, які нарадзіўся ў Парэччы й напісаў пра гісторыю вёскі кнігу. На жаль, праз хваробу ён ня змог прыехаць у Парэчча.

Надпісы й партрэт на мармуры бясплатна зрабіла адна слонімская фірма.

Чыгрын зазначыў сымбалічнасьць таго, што адкрыцьцё адноўленага знака супала з 180-годзьдзем з часу сьмерці Валовіча — на загад генэрал-губэрнатара Мураўёва ён быў павешаны ў Горадні 2 жніўня 1833 году.

Актывіст Іван Шэга, прамаўляючы, зазначыў, што падобныя помнікі адкрываюцца цяпер па ўсёй Беларусі, нягледзячы на тое, што ўлады гэтаму ніяк не спрыяюць. Ён упэўнены, што неўзабаве імёнамі сапраўдных патрыётаў Бацькаўшчыны назавуць вуліцы і плошчы ў гарадах, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце.

Урачыстасьць працягвалася каля паўгадзіны, увесь гэты час за актывістамі з машыны назіралі людзі ў цывільным.
Актывісты з Слоніма падчас адкрыцьця мэмарыяльнага знака Міхалу Валовічу і паўстанцам 1831 году

Актывісты з Слоніма падчас адкрыцьця мэмарыяльнага знака Міхалу Валовічу і паўстанцам 1831 году


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG