Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 жніўня — Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю


Няўрадавыя арганізацыі па ўсім сьвеце адзначаць Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

Акцыя адбываецца другі год запар у гадавіну арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Летась акцыі адбыліся ў 32 гарадах 19 краін. Неабыякавыя людзі ладзілі маратоны, пікеты з патрабаваньнем вызваліць Алеся Бяляцкага і іншых палітзьняволеных, круглыя сталы для абмеркаваньня правоў чалавека ў Беларусі, фатаграфавалі вядомых людзей з выказваньнямі салідарнасьці.

Сёлета арганізатары прапануюць людзям па ўсім сьвеце адпраўляць паштоўкі і лісты са словамі падтрымкі беларускім палітвязьням, праваабаронцам і актывістам, публікаваць матэрыялы і праводзіць асьветніцкія акцыі пра сытуацыю ў Беларусі.

Зьміцер Салаўёў, каардынатар рэгіянальных філіяў Праваабарончага цэнтру «Вясна» кажа, што ў Беларусі меркавалася зладзіць 16 пікетаў:

«Былі пададзеныя заявы на пікет у 16 гарадах, ва ўсіх абласных, а таксама ў Баранавічах, Бабруйску, Маладэчне і іншых. Абсалютна ўсюды адмовілі. Адмовы грунтуюцца на самых розных прычынах. Дзесьці адмаўляюць на падставе няправільнага месца, абранага для пікету, дзесьці пішуць, што няма такога тэрміну, як „пікет“. Вядома, гэта чаканая і прагназаваная рэакцыя. Улады яшчэ раз паказалі, што імкнуцца здушыць усе спробы публічнай салідарнасьці з Алесем Бяляцкім у прыватнасьці і з усімі палітзьняволенымі агулам».

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе 2011 году. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць і падтрымку сем’яў палітвязьняў.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
XS
SM
MD
LG