Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упраўленьне ФСБ Расеі па Краснадарскім краі выявіла ў сочынскім санаторыі «Беларусь» апаратуру для праслухоўваньня.

У санаторыі, які належыць Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта Беларусі без адпаведнай ліцэнзіі й дазволу былі ўсталяваныя тэхнічныя сродкі для правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў пры дапамозе тэлефоннай сувязі.

На падставе атрыманых з ФСБ зьвестак Роскомнадзор падаў заяву ў арбітражны суд Краснадарскага краю, каб адміністрацыйна пакараць санаторый «Беларусь» за ажыцьцяўленьне дзейнасьці з парушэньнем умоваў ліцэнзіі.

Суд пацьвердзіў факт правапарушэньня, аднак не пакараў адказчыка, бо скончыўся тэрмін даўнасьці: правапарушэньне было выяўлена 31 студзеня 2013 году, пратакол складзены 12 лютага, а справа разгледжана 23 траўня.

Ці было абскарджана рашэньне суду афіцыйным Менскам, пакуль невядома, перадае БелаПАН. Беларускія праваахоўныя органы пакуль сытуацыю не камэнтуюць.

З 11 па 19 лютага 2013 году ў Сочы знаходзіўся Аляксандар Лукашэнка. 15 лютага прэс-служба прэзыдэнта паведаміла, што ён азнаёміўся з «пэрспэктывамі завяршэньня будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры санаторыя „Беларусь“ у Сочы і комплексу адпачынку гэтага санаторыя ў пасёлку Красная Паляна». 19 лютага стала вядома пра затрыманьне ў Менску былога дырэктара «Беларусі» — грамадзяніна Расеі Георгія Саракашыша і двух ягоных намесьнікаў. Пазьней высьветлілася, што ў беларускую сталіцу яны выправіліся яшчэ 21 сьнежня мінулага году. Саракашыш утрымліваецца ў СІЗА КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG