Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім левым ужо сёньня неабходна вызначацца з фармаваньнем пазыцыі адносна сумеснага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году з магчымасьцю вылучэньня адзінага левага кандыдата. Пра гэта заявіў старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. Ці трэба ўжо зараз вызначацца з фарматам удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах? Які варыянт — адзіны кандыдат, ці дзьве калёны, ці шмат кандыдатаў — можа даць больш шанцаў на перамогу? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Белорусы і рынок» Паўлюк Быкоўскі.

— Ці можна лічыць пазытыўным знакам заяву Сяргея Калякіна? Ці, наадварот, такія намеры варта ацаніць як крок, які можа падзяліць апазыцыю?

— Спадар Калякін сказаў цалкам слушныя рэчы — што да выбараў трэба рыхтавацца, рыхтаваць сцэнары і кандыдатаў. Што магчымым паляпшэньнем пазыцыі будзе выкарыстаньне кампаніі мясцовых выбараў. Гэта агульныя, банальныя рэчы, але цяжка сказаць, ці сапраўды хтосьці зьбіраецца рэалізоўваць гэта на практыцы.

— Беларуская апазыцыя спрабавала розныя варыянты на прэзыдэнцкіх выбарах. Быў адзіны кандыдат, былі на апошніх выбарах 10 кандыдатаў. Цяпер часам зьяўляюцца выказваньні, што трэба ісьці дзьвюма калёнамі — правы і левы кандыдат. Які з гэтых варыянтаў дасьць больш шанцаў на перамогу?

— Мне здаецца, варыянт з двума кандыдатамі таксама дэ-факта ўжо быў. У 2006 годзе быў адзіны кандыдат Мілінкевіч, а таксама ягоная альтэрнатыва Казулін. То бок нічога новага тут няма. Калі казаць, які з гэтых варыянтаў можа даць плён — то мне падаецца, што важна ня тое, як разважаюць палітыкі, а тое, ці ёсьць для гэтага рэсурсы і ўмовы. На сёньняшні момант я як палітычны аглядальнік даволі скептычна стаўлюся да таго, што існуюць умовы для рэалізацыі такіх плянаў. А што да рэсурсаў — дык самі апазыцыйныя палітыкі кажуць, што рэсурсаў сёньня няма.

— Сяргей Калякін таксама заявіў, што «ў левых найбольшыя шанцы прапанаваць людзям альтэрнатыву». Зь іншага боку, традыцыйна лічыцца, што сваімі дзеяньнямі, сваімі палітычнымі падыходамі Лукашэнка ўвасабляе менавіта левыя каштоўнасьці. Ці можна тады казаць, што альтэрнатыва цяперашняму кіраўніку прыйдзе зь левага флянгу?

— Я падзяляю меркаваньне нябожчыцы Сьвятланы Навумавай, што ў Беларусі няма проста правых і проста левых, бо палітычная сфэра ня вельмі разьвітая. Гаворка ідзе не пра рэальныя ідэалягічныя рознагалосьсі, а пра асобу лідэра.

Шмат у чым дзеяньне, якое было б змаганьнем за інтарэсы той ці іншай групы, у Беларусі не рэалізуецца, бо адсутнічае публічная палітыка, адсутнічаюць мэханізмы ўплыву на прыманьне важных дзяржаўных рашэньняў. Калі гэтага ўсяго няма, то палітыка ператвараецца ў клюб «пікейных камізэлек» альбо ў вулічную радыкальную палітыку.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG