Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 3 жніўня: бардаўскі фэст у Вайцюнішках, дзень памяці Салжаніцына


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Грамадзкая кампанія «У Беларусь і Эўропу — бязь візы!» арганізуе на пешаходнай вуліцы Карла Маркса арт-праект «Мастацтва бязь межаў », прымеркаваны да Дня вандроўніка. Пачатак а 14.00.

Менск. Музэй гісторыі гораду (вул. Рэвалюцыйная, 10) працяг выставы «Менск на старых паштоўках». Уваход ад 11:00 да 19:00.

Вёска Парэчча Гарадзенскага раёну. На мясцовых могілках адбудзецца ўшанаваньне памяці аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830-1831 Міхала Валовіча. Пачатак аб 11 гадзіне.

Вялікія Эйсманты, Гарадзенская вобласьць. II пешая пілігрымка Горадня — Рось (2-5 жніўня) Ранішняя служба а 7.40 у парафіяльным касьцёле ў Вялікіх Эйсмантах. Адбудзецца таксама Адарацыя Найсьвяцейшага Сакраманту.

Хутар Вайцюнішкі, Гарадзенская вобласьць. Фэстываль шансону і аўтарскай песьні (3-4 жніўня). У першы дзень выступяць Зьміцер Вайцюшкевіч і Зьміцер Бартосік, а ў другі — Віктар Шалкевіч.



3 жніўня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень чыгуначніка.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

У 1492 годзе пачалася першая экспэдыцыя італьянскага мараплаўца Хрыстафора Калюмба. Ён хацеў адкрыць найкарацейшы марскі шлях з Эўропы ў Індыю. Але ў выніку экспэдыцыя адкрыла Амэрыку.

У 1923 годзе ў Менску нарадзіўся менскі падпольшчык Мікола Кедышка. У часе вайны ён разам зь сябрамі стварыў падпольную групу «Андруша». Яны рабілі дывэрсіі на гарадзкой электрастанцыі і хлебазаводзе. Загінуў Кедышка ў баі з гітлераўцамі, якія напалі на явачную кватэру. У Менску імем падпольшчыка названая вуліца.

У 1933 годзе адбылося Кобрынскае сялянскае паўстаньне. Падбухтораныя кампартыяй Заходняй Беларусі, 100 сялянаў Кобрынскага павету, узброіўшыся, разграмілі некалькі сядзібаў асаднікаў і цэлую ноч трымалі ў аблозе паліцэйскі пастарунак у вёсцы Навасёлкі. Назаўтра ўлады разагналі паўстанцаў. 30 чалавек атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.

У 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка ўпершыню ў якасьці прэзыдэнта Беларусі наведаў расейскую сталіцу. Ад прыхільнасьці расейскага кіраўніцтва залежала будучыня ягонага прэзыдэнцтва. Тагачасны расейскі прэм’ер Віктар Чарнамырдзін паабяцаў дапамагчы Беларусі «парадаю і грашыма». «Яны гаварылі са мной, як з роўным. Я рады, што Расея зразумела і падтрымала мяне», — дзяліўся Лукашэнка сваімі ўражаньнямі.

Ахмадзінэжад на парадзе ў гонар дня Тэгерану

Ахмадзінэжад на парадзе ў гонар дня Тэгерану

У 2005 годзе Махмуд Ахмадзінэжад заступіў на пасаду прэзыдэнта, стаўшы першым недухоўным лідэрам Ірану за 24 гады

У 2008 годзе памёр расейскі пісьменьнік і дысыдэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Аляксандар Салжаніцын. У лютым 1974 году Салжаніцын быў высланы з СССР. Жыў у Швэйцарыі, потым у ЗША. У 1994 годзе вярнуўся ў Расею.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Кожны, хто абраў гвалт сваім мэтадам, няўмольна павінен абраць ману сваім прынцыпам.

Аляксандар Салжаніцын
XS
SM
MD
LG