Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнту Чэхіі дазволілі выпіваць 300 грамаў піва за дзень


У Празе адбыўся лекарскі кансыліюм, які вывучаў стан здароўя прэзыдэнта краіны Мілаша Зэмана. Гэта было выклікана тым, што падчас адной з цырымоніяў яго інаўгурацыі прэзыдэнт пахіснуўся і ледзь ня ўпаў. У Чэхіі неафіцыйна шмат гавораць і пішуць пра схільнасьць Зэмана да алькаголю.

Кансыліюм у складзе некалькіх вядомых прафэсараў вырашыў, што прэзыдэнт Мілаш Зэман хварэе на цукроўку другога тыпу — гэта значыць, ня ўроджаную, але набытую. Гэта не паўплывае на выкананьне прэзыдэнцкіх функцыяў і праграмы візытаў, але затое лекары параілі прэзыдэнту абмежаваць ужываньне алькаголю і менш паліць.

Лекары заявілі, што Зэман мае хранічныя ўскладненьні, якія выклікае цукроўка. Сярод іх і так званая нэўрапатыя, гэта значыць пагаршэньне перадачы нэрвовых сыгналаў, якая можа праяўляцца і парушэньнямі раўнавагі. Адзін з удзельнікаў кансыліюму параўнаў гэта з тым, каб чалавек меў пратэз аднаго ступака.

Лекары адмовіліся паведаміць дакладны ўзровень цукру ў крыві Зэмана. Аднак чэскае інфармацыйнае агенцтва ЧТК нядаўна называла лічбу 11, пры тым, што нармальны ўзровень ад 3,3 да 6,3.

Лекары таксама загадалі Млашу Зэману зьмяніць стыль жыцьця, больш рухацца і прыпісалі лячэньне сярэдняй інтэнсіўнасьці. Таксама прэзыдэнту рэкамэндавана трэніраваць адчувальнасьць канечнасьцяў і зьмяніць дыету.

Дазволілі лекары прэзыдэнту і выпіваць. Але толькі 300 грамаў піва за дзень.

Кансыліюм будзе зьбірацца раз на месяц, а ў выпадку патрэбы і часьцей.
XS
SM
MD
LG