Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўвесь мінулы год Беларусь прадала сваёй прадукцыі ў ЗША на 150 мільёнаў даляраў. Гэта значна ніжэй, чым у 2007 і 2008 гадох, калі беларускі экспарт у Злучаныя Штаты штогод перавышаў мільярд даляраў. Чаму амэрыканцы адмаўляюцца ад прадукцыі беларускай вытворчасьці?

Вынікі 2012 году — найгоршыя для беларускага экспарту ў ЗША цягам усяго апошняга дзесяцігодзьдзя. Пра гэта сьведчаць афіцыйныя дадзеныя Міністэрства гандлю Злучаных Штатаў Амэрыкі. Там адзначаюць, што Беларусь цалкам страціла мясцовы рынак угнаеньняў і амаль цалкам — трактароў і тэкстылю.

Адзінае беларускае прадпрыемства, якое па выніках мінулага году выйшла на рэкордны ровень паставак у ЗША за апошняе дзесяцігодзьдзе, — Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне. Але і ягоныя вынікі ніяк не назавеш дасягненьнем, — заявіў Свабодзе Марат Афанасьеў, які амаль 20 гадоў працаваў на камбінаце на кіроўных пасадах:

«Паўгода таму ў нашай заводзкай газэце надрукавалі заметку пра прарыў на расейскі рынак. Заключылі дамову пра продаж 14 тысяч тон труб. І за гэта будзе атрымана 11 мільёнаў расейскіх рублёў. Калі параўнаць гэтыя лічбы, то атрымліваецца, што на расейскі рынак труба прадаецца ўсяго за 900 даляраў за тону. Такая ж цана і на нашы трубы ў Амэрыку.

А калі запускалі вытворчасьць, абяцалі — будзем прадаваць сама меней за 2200–2100 даляраў за тону. Цяперашнія цэны — гэта дэмпінгавыя цэны, якія дазваляюць хоць неяк збываць гэтую неліквідную прадукцыю. І другое — у дадзеным выпадку цану нам дыктуюць. А мы вымушаныя яе прымаць. У выніку прыбытку на гэтай вытворчасьці няма, акупнасьці — таксама няма».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначае, што на падзеньне беларускага экспарту ў ЗША моцна паўплывалі амэрыканскія санкцыі:

«Амэрыканцы, акрамя ўгнаеньняў — калійных і супэрфасфатных — раней бралі нафтапрадукты. Затым было рашэньне аб увядзеньні санкцыяў супраць „Белнафтахіма“. Тады экспарт рэзка скараціўся. І цяпер у ЗША застаецца вельмі абмежаваны набор тавараў зь Беларусі. Дарэчы, Злучаныя Штаты былі адзінай краінай, якая дастаткова жорстка ўжывала санкцыі на нафтапрадукты і калій».
Год Аб’ём імпарту,
у тыс. даляраў
2003 215 323
2004 335 932
2005 345 161
2006 539 136
2007 1 033 064
2008 1 069 860
2009 573 882
2010 174 532
2011 362 532
2012 153 435

Экспэрты прагназуюць і сёлета зьніжэньне беларускага экспарту ў Злучаныя Штаты. Асабліва цукерак і печыва вытворчасьці «Спартака» і «Камунаркі». Яны зьвязваюць гэта з сытуацыяй вакол Марата Новікава, які раней кантраляваў гэты бізнэс. Але беларускія ўлады нацыяналізавалі гэтыя фабрыкі.

З гэтай кандытарскай прадукцыяй сытуацыя наагул цьмяная, — лічыць Леанід Заіка:

«Цяпер ужо цяжка сьцьвярджаць, што гэтыя цукеркі ішлі ў ЗША. Маглі быць аформленыя дакумэнты на Амэрыку. А насамрэч яны туды не даходзілі, хоць нешта магло і даходзіць. Як правіла, афармляецца дакумэнт, гаворыцца пра закупы. А пасьля робяцца сустрэчныя продажы дзе-небудзь ва Ўкраіну. З Украіны — зноў у Беларусь. І цукеркі праляжаць на складзе «Камунаркі».

Для росту беларускага экспарту на рынак ЗША існуюць некалькі перашкодаў, — лічыць палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Па-першае, палітычны стан сёньняшніх адносін. Мы ведаем, што Вашынгтон уводзіў санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Па-другое, я ня ўпэўнены, што стан беларускай эканомікі дазваляе рэзка нарасьціць экспарт у ЗША. Незразумела, што арыгінальнае і ў вялікай колькасьці мы можам ім прапанаваць. Таму бліжэйшым часам, мне падаецца, чакаць істотных зьменаў у гэтай справе не выпадае».
XS
SM
MD
LG