Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхары памежных з Польшчай раёнаў на Гарадзеншчыне скардзяцца, што на паездках у Польшчу зарабляць стала значна цяжэй.

Апошнім часам так званыя камэрцыйныя паездкі ў Польшчу пачалі прыносіць жыхарам памежжа значна меншыя прыбыткі. Спадар, які больш за дзесяць гадоў зарабляе камэрцыяй на паездках у Польшчу, кажа, што нават цыгарэты і паліва не прыносяць ранейшых грошай:

«Усё кідаецца на шалі вагаў. Калі ты на адным блёку цыгарэт можаш зарабіць да 10 даляраў, а кару палякі могуць за гэта накласьці да 200 эўра, калі знойдуць, то шмат хто пачаў задумвацца, што рабіць далей. Раней я вазіў 10 блёкаў цыгарэт, а цяпер толькі пяць, бо за восем ужо канфіскоўваюць машыну».

Яшчэ адзін кантрабандыст з досьведам апавядае, што апошнім часам у нас падняліся цэны і на цыгарэты, і на паліва, а ў палякаў гэтыя цэны трымаюцца больш стабільна, таму шмат хто спрабуе зарабіць на перавозцы тавару з Кузьніцы. Праўда, ён дадае, што гэтым летам так званае «поле цудаў», дзе бяруць тавар для перавозкі, больш за месяц практычна не працавала:

«Гэта, як правіла, тавары шырспажыву: адзеньне, да прыкладу, абутак і г.д. Але везьці можна пэўную колькасьць, бо ёсьць абмежаваньне на мытні. Справа ў тым, што цяпер на гэтым ня вельмі таксама заробіш. Тыя, хто раздае тавар, ня вельмі хочуць плаціць. Усё залежыць ад таго, колькі там людзей: шмат людзей, мала тавару — меней плацяць».

Спадар кажа, што езьдзіць у Кузьніцу цягніком стала вельмі нязручна, бо цяпер з Горадні за суткі адпраўляецца толькі два цягнікі, і то ў ня вельмі зручны час. А таму тыя, хто займаецца перавозам, проста так ня едуць, а чакаюць сыгналу з Кузьніцы, пагатоў там яшчэ працуюць беларускія мабільнікі:
Раней я вазіў 10 блёкаў цыгарэт, а цяпер толькі пяць, бо за восем ужо канфіскоўваюць машыну

«Зьяўляецца на тым самым „полі цудаў“ тавар — народ адразу едзе, а калі няма, то ніхто ня едзе».

Яшчэ адзін спадар дадае, што многія жыхары памежжа па-ранейшаму езьдзяць у Польшчу на шопінг, а таму ў выходныя чэргі на мяжы рэзка ўзрастаюць:

«Людзі едуць па харчы, бо там значна таньнейшыя. Прычым усё: мяса, шынкі, ды ўсё. А ў нас немагчыма ўжо нічога набыць — кошты шалёныя».

Іншы спадар: «Толькі сырых харчоў нельга вазіць, а так астатняе возяць. Ну ўявіце сабе, што там усё ў два разы таньнейшае — тут кіляграм мяса купіш, а там — два».

Адзін з маіх суразмоўцаў зазначае, што нягледзячы на ўсе цяжкасьці, якія ўзьнікаюць у памежным гандлі, людзі гэтага занятку ня кідаюць, бо хоць і зарабляюць на паездках у Польшчу меней, чым раней, але ўсё роўна ведаюць, што ў Беларусі такіх заробкаў ня знойдуць:

«Людзі ідуць у нас на працу, але гэтае справы ня кідаюць. Шукаюць такую працу, каб былі нейкія вольныя дні: дзень-ноч, два вольныя дні. Яны гэтага занятку зусім ня кідаюць, бо выжыць на адзін заробак у нас — гэта проста нерэальна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG