Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: кветкі на месца расстрэлу паўстанца 1863 года


Аршанскі краязнаўца Віктар Сьцяпанаў, сябра Партыі БНФ Алесь Камінсскі, мастак Микола Купава

Аршанскі краязнаўца Віктар Сьцяпанаў, сябра Партыі БНФ Алесь Камінсскі, мастак Микола Купава

Ігнат Будзіновіч, камандзір аднаго з паўстанцкіх атрадаў, быў захоплены ў палон і расстраляны ў аршанскай вязьніцы.

Яна месьцілася ў адрэстаўраваным цяпер езуіцкім калегіюме, на прыступкі якога і ўсклалі кветкі аршанскія дэмакратычныя актывісты.

Атрад інсургентаў пад кіраўніцтвам Ігната Будзіловіча дзейнічаў на тэрыторыі цяперашняга Лёзьненскага раёну Віцебшчыны і быў разьбіты расейскім войскам недалёка ад вёскі Пагосьцішча. Сам Ігнат Будзіловіч трапіў у аршанскую вязьніцу і быў расстраляны 28 жніўня 1863 году (9 верасьня па новым стылі).

Дэмакратычныя актывісты вырашылі ўшанаваць памяць Ігната Будзіловіча на месцы яго страты, кажа кіраўнік моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз» Ігар Казьмярчак:

«Гэты год — юбілейны, мы адзначаем 150-я ўгодкі паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Ігнат Будзіловіч быў выбітнай асобай, і ягоны лёс трагічна зьвязаны з нашымі мясьцінамі: у Воршы, пасьля 4-х месяцаў утрыманьня ў палоне, яго расстралялі. Вязьніца месьцілася тады ў езуіцкім калегіюме. Да Дажынак у 2008 годзе будынак быў адрэстаўраваны, і пакуль вяліся будаўнічыя працы, рабочыя даставалі зь зямлі чалавечыя косткі. Відавочцы апавядалі, што былі тры ўзроўні пахаваньняў: ніжэйшы ўзровень — гэта манаскія пахаваньні, якія былі тут з часу пабудовы калегіюма ў 16-м стагодзьдзі. Тыя косткі ляжалі роўненька, пахаваньні былі акуратныя. А ўжо зьверху былі пахаваньні пачатку і сярэдзіны 19-га стагодзьдзя, калі ў кляштары ўжо была турма. Тут, відавочна, былі і парэшткі інсургентаў, удзельнікаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Ідэнтыфікаваць іх ужо было немагчыма, але парэшткі Ігната Будзіловіча таксама былі тут — бо тут яго і расстралялі. І ўжо верхні ўзровень пахаваньняў — гэта ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, таксама вязьняў аршанскай турмы, якая дзейнічала ажно да 1990-х гадоў».

Разам з аршанскімі актывістамі памяць Ігната Будзіловіча ўшанаваў і мастак Мікола Купава. Ён ураджэнец Воршы, і якраз гэтымі днямі ў горадзе экспанавалася выстава ягоных карцін «Сьвятло Бацькаўшчыны». Сярод іх — і творы, прысьвечаныя гістарычнаму паўстаньню 1863–64 гадоў.

Напрыканцы жніўня — на пачатку верасьня актывісты Віцебшчыны плянуюць паездку па Лёзьненшчыне — па тых мясьцінах, дзе аршанскі атрад паўстанцаў пад кіраўніцтвам Ігната Будзіловіча ваяваў з царскім войскам.
XS
SM
MD
LG