Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нямецкай літаратуры даўно не было такіх скандалаў. І вось «той дзень надышоў»...

12 жніўня 2006 году чытачы газэты «Frankfurter Allgemeine Zeitung» з жахам даведаліся, што Гюнтэр Грас, галоўны ня толькі літаратурны, але і маральны аўтарытэт для ўсёй Нямеччыны, увасобленае апраўданьне паваеннай нямецкай літаратуры, бескампрамісны праціўнік нацызму, ён, які нястомна даказваў, што нямецкая віна існуе і немцы мусяць за яе заплаціць, ён, які быў супраць аб’яднаньня Нямеччыны — ён, апошні зь вялікіх немцаў ХХ стагодзьдзя, якія яшчэ жывуць на гэтай зямлі, ён, якому яны так верылі... Ды што ж ён такога зрабіў? А вось што.

Служыў некалі ў Вафэн-СС, куды пайшоў добраахвотнікам.

Журналісты, якія прыехалі да Граса ў ягоны дом у Бэлендорфе каля Любэку, хацелі, уласна кажучы, пагаварыць не пра гэта, А пра новую кнігу Граса «Абіраньне цыбулі». Але гаварыць пра яе, абмінаючы тэму СС, не выпадала: Грас сам пра ўсё расказаў у кнізе.

«...І вось цяпер вы ўпершыню і абсалютна гаворыце пра тое, што вы служылі ў Вафэн-СС. Чаму толькі цяпер?

Бо гэта ціснула на мяне. Маё маўчаньне ўсе гэтыя гады ёсьць адной з прычынаў, чаму я напісаў гэтую кнігу. Гэта мусіла быць выказаным, нарэшце...

...Вы ня мусілі абавязкова пісаць пра гэта. Ніхто ня мог вас да гэтага змусіць.

Тое, што мяне прывяло да гэтага, было маім уласным прымусам».

Вядома, ніхто не абвінавачваў Граса ў тым, што ён служыў у СС. Падумаеш... Каго ў сьвеце зьдзівіш такім паваротам лёсу? Абвінавацілі яго ў тым, што гэтую старонку свайго мінулага ён старанна заліў півам — і пры гэтым узяў на сябе права вінаваціць іншых.

І добра, калі толькі півам! — усклікне змагар за праўду. — Невядома, чым ён там насамрэч займаўся!

Пісьменьнік мог запярэчыць, што ён ні ад каго нічога не хаваў. Кожны, каму б заманулася пакорпацца ў яго біяграфіі, мог залезьці ў архівы і знайсьці ўсё неабходнае. Але тыя, каму заманулася — таксама маўчалі. А астатнім і ў галаву ніколі не прыходзіла, што Гюнтэр Грас — былы эсэсавец.

«Я ўспрымаў СС як элітныя войскі, якія пасылаюць у гарачыя кропкі. Я ні ў кога не страляў. Гэта была проста муштра», — патлумачыць жывы клясык. Але пляма, пасаджаная на рэпутацыю аўтара «Бляшанага барабана» і «Сабачых гадоў», застанецца. Грамадзтва — ня блытаць з чытачом! — запатрабуе ад яго вярнуць Нобэлеўскую прэмію, званьне ганаровага грамадзяніна Гданьску і шмат іншых рэчаў. Сярод якіх будуць тыя, што немагчыма вярнуць: павага, давер і той самы аўтарытэт. Для яго паспрабуюць зладзіць ледзьве ня новы Нюрнбэрг. За мінулае, за маладосьць, за досьвед, які зрабіўся кнігай. Але найперш — за яго амаль сямідзесяцігадовае маўчаньне.

І гэта, відавочна, абсурд. Грас заўжды быў палітычна заангажаваны — часам нават больш, чым можа дазволіць сабе пісьменьнік. Аднак Грасу-пісьменьніку гэта ня надта нашкодзіла — яго раманаў, якія зьмянілі сьвет, ніхто ўжо не адменіць. Ды простыя ісьціны часам бываюць занадта простыя, а інфармацыйных нагодаў для гневу і розных скандалаў так не хапае... Натоўпу, які называе сябе грамадзтвам, яны патрэбныя, як кісларод. І так званае грамадзтва, задыхаючыся ад сьвятога кіслароднага голаду, азіраецца ў пошуках ахвяры. Самы час сказаць: рукі прэч.

Бо, па-першае, пра пісьменьніка трэба меркаваць па тым, што ён піша. А не пра тое, пра што ён маўчыць. Гэта справа больш кампэтэнтных асобаў, чым захавальнікі маралі і кантралёры мінуўшчыны. Бога там... Або д’ябла.

Па-другое, хто ведае: магчыма, калі б Грас абвясьціў пра тое, што быў у СС, адразу і ўсім, калі б прыгадваў пра гэта публічна пры кожнай нагодзе — напэўна, гэта быў бы нейкі іншы Грас. Які не напісаў бы таго, за што мы яго любім.

...Пасьля інтэрвію FAZ на адным з выступаў Граса нейкі старэнькі аматар літаратуры выкрыкне зь месца: «Рады вітаць сваіх таварышаў па СС!» і праглыне цыяністы калій. Выпадак, які мог бы зьнішчыць каго заўгодна. Але толькі ня Граса. Потым будзе скандал зь яго антыізраільскім вершам — пад назваю «Тое, што мусіла быць прамоўлена». Таму, хто пражыў амаль стагодзьдзе і ўсё ж сказаў самае важнае — можна дазволіць сабе і такія назвы.

Бо ўсё гэта ня важна, ня важна... Ужо ня важна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG