Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаватых у выбуху газу засудзілі за халатнасьць


Вынесены прысуд па справе аб выбуху газу ў жылым доме ў вёсцы Малінаўка Лагойскага раёну.

Менскім абласным судом вынесены прысуд па справе аб выбуху газу ў жылым доме ў вайсковым гарадку Малінаўка Лагойскага раёну Менскай вобласьці 8 лютага 2012 году.

Тады ў выніку надзвычайнага здарэньня адзін чалавек загінуў, двое атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджаньні, была пашкоджана або зьнішчана маёмасьць жыхароў, часткова разбураны будынак.

Як паведаміла БелаПАН старшы памочнік пракурора Менскай вобласьці Тацяна Калініна, прысуд быў абвешчаны 30 ліпеня. Дзяржабвінавачаньне падтрымліваў прадстаўнік абласной пракуратуры.

Суд прызнаў вінаватымі фігурантаў справы — дырэктара і старшага майстра «Лагойскрайгаза» — у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 428 КК (службовая халатнасьць), і прысудзіў кожнаму тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Як паведамлялася раней, сьледзтва ўстанавіла, што прычынай выбуху сталася ўзгараньне газапаветранай сумесі, якая ўтварылася пры выхадзе газу з сыстэмы газазабесьпячэньня дома. Дырэктар і кіраўнік аварыйнай службы «Лагойскрайгаза» не рэагавалі ва ўстаноўленым парадку на неаднаразовыя паведамленьні жыхароў, у тым ліку і ў дзень выбуху, пра газанебясьпечныя інцыдэнты і аварыйныя сытуацыі, чым дапусьцілі невыкананьне патрабаваньняў адпаведных нарматыўных тэхнічных актаў.
XS
SM
MD
LG