Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніхто не крычаў ім у вушы «Горка!», і з горачкі ніхто не спускаўся, ніхто ня падаў носам у салат, і бацька жаніха не прамаўляў, расчуліўшыся: «Дарагія Галя і Валера», хаця жаніха і нявесту звалі Зіна і Маша.

Уся рэч у тым, што ніякіх салатаў у радыюсе некалькіх тысяч кілямэтраў не назіралася, вушы жаніха плавалі ў бязважкасьці, і наогул: маладых звалі Юра і Каця. Усё ў іх было ня як у людзей. 10 жніўня 2003 году расеец Юра быў на арбіце, разам з адным амэрыканцам, які адмыслова да гэтага дня асвоіў марш Мэндэльсона. А амэрыканка Каця стаяла ўнізе, у Тэхасе, у цэнтры кіраваньня палётамі НАСА, і махала яму рукой, як Гагарын. У прызначаную гадзіну яны надзелі пярсьцёнкі, кожны сам сабе, і прамовілі адпаведныя клятвы. Першае ў гісторыі касьмічнае вясельле адбылося.

Камандзіры расейца Юры, самі — тыя яшчэ маскалі, усяляк заміналі маладым увайсьці ў гісторыю. «Ты ж наш чалавек і касманаўт», — пераконваў Юрыя Маланчанку ягоны шэф. — «У цябе імя якое, услухайся — Юра! А паводзіш сябе як нейкі нярускі! Адставіць шоў! Кру-гом!» Каця ў расейскіх ВВС не служыла, таму ёй было прасьцей. Хаця таксама даводзілася нясоладка: той самы генэрал сказаў ейнаму нарачонаму, што, маўляў, гэтая твая Каця — іншаземка, і таму цалкам можа быць... так, так, шпіёнкай — а ты думаў?..

Аднак усё абышлося: маладыя пабраліся, а зорныя войны так і не распачаліся. Праўда, генэралы дамагліся таго, што цяпер астранаўтам і астранаўткам браць шлюб падчас палёту забаронена. Што, здаецца, наўпрост парушае правы чалавека. Але і тут ёсьць шчылінка ў законе: ён тычыцца толькі зямлянаў. Таму, калі на бяскрайніх касьмічных прасторах расейскім касманаўтам сустрэнецца жгучая вэнэрыянская жэншчына, яе сьмела можна браць, ніхто і слова ня скажа. Па-першае, у расейцаў багаты досьвед у такіх справах, а па-другое, ніхто ж яшчэ ня падаў пысай у салат у космасе. Трэба ж некалі пачынаць.
XS
SM
MD
LG