Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея адмовілася ад украінскіх цукерак, Беларусь — ад віна


Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь адмяніла дзеяньне сэртыфіката адпаведнасьці прадукцыі для вінаў вытворчасьці Інкерманскага завода марачных вінаў з-за неадпаведнасьці прадукцыі арганалептычным паказчыкам.

Пра гэта паведамляецца на сайце Мінгандлю Беларусі.

Рашэньне заснаванае на высновах Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаваньні.

«Сэртыфікат быў выдадзены на партыю вінаў у асартымэнце 4-х пазыцый з тэрмінам дзеяньня да 15 лютага 2015 года», — адзначылі ў Мінгандлю Беларусі.

Як адзначаецца, прэтэнзіі выказаныя ў дачыненьні да вінаў «Легенда Інкермана» ўраджаю 2011 года, разьлітага ў лістападзе 2012 года. Партыя вінаў была ўвезеная на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у сьнежні 2012 года.
Як паведамляе агенцтва УНІАН, Беларусь як гандлёвы партнэр Украіны па выніках 2012 года займае другое месца сярод краін СНД па аб’ёмах ўзаемнага гандлю. Таваразварот Украіны і Беларусі ў 2012 годзе склаў 7,32 мільярда даляраў.

Раней Расея забараніла продаж на сваёй тэрыторыі цукерак украінскага канцэрна «Рашэн», а цяпер праводзіць праверку якасьці ўкраінскіх мучных кандытарскіх вырабаў.

Былы міністар замежных спраў Украіны Ўладзімер Агрызка лічыць, што чарговыя прэтэнзіі «Расспажыўнагляду» да ўкраінскіх вытворцаў не выпадковыя, пакуль эўраінтэграцыя Украіны не завершыцца посьпехам, усходні сусед пастаянна будзе выстаўляць «санітарныя прэтэнзіі»:

«Пасьля „Рашэна“ будуць трубы, пасьля труб — сыры, пасьля сыру будзе яшчэ нешта. Гэта — адна і тая ж лінія. Больш за тое, я баюся, што гэтым не абмяжуецца і чым бліжэй Віленскі саміт, тым пагроза нестандартных сытуацый ва Ўкраіне будзе расьці, — адзначыў экс-міністар у камэнтары для Радыё Свабода.— Таму аб санітарных нормах гаворка не ідзе, а гаворка ідзе пра спробу Крамля не выпусьціць былыя савецкія рэспублікі са сфэры свайго ўплыву».

Тым часам стала вядома, што праверку прадукцыі ўкраінскага кандытарскага канцэрна «Рашэн» пачаў іншы сябар Расеі па Мытным саюзе — Казахстан.

Пра гэта паведаміла галоўны экспэрт камітэта дзяржаўнага санітарна-эпідэміялягічнага нагляду міністэрства аховы здароўя Казахстана Марал Рахімжанава, перадае РІА «Новости»:

«На сёньняшні дзень атрымана афіцыйнае пацьверджаньне ад „Расспажыўнагляду“ аб тым, што прадукцыя Roshen не адпавядае тэхнічным рэглямэнтам Мытнага саюза. Аналягічныя праверкі пачаты санітарнай службай Казахстана. Пры выяўленьні неадпаведнасьці дадзеная прадукцыя будзе ў нас прыпыненая», — сказала Рахімжанава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG