Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прытулак Сноўдэну: дэмарш Расеі альбо дамоўленасьць з ЗША?


Расейскі адвакат Анатоль Кучарэна ўручыў Эдварду Сноўдэну дакумэнты аб прадастаўленьні часовага прытулку на тэрыторыі Расеі тэрмінам на адзін год. Сноўдэн нарэшце змог пакінуць транзытную зону аэрапорта Шарамецева і, паводле Кучарэны, знаходзіцца «ў бясьпечным месцы».

Новы статус дазваляе Сноўдэну бесьперашкодна перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі Расеі.

Намесьнік галоўнага рэдактара інтэрнэт-выданьня «Штодзённы часопіс» Аляксандар Гольц не сумняецца, што з боку расейскіх уладаў гэта жахлівы пралік:

— Калі Сноўдэн выпадкова, бязь ведама расейскай улады, апынуўся на борце самалёта «Аэрафлота», які прыбываў у Маскву, гэта азначае, што расейскія спэцслужбы не вырашаюць найважнейшыя пытаньні нацыянальнай бясьпекі. Хутчэй за ўсё, ён зьявіўся там у выніку нейкага разьліку ня самых галоўных начальнікаў у Расеі, якія меркавалі, што нешта можна будзе ў яго даведацца. Аднак ён імгненна ператварыўся ў клясычны чамадан без ручкі, які і выкінуць нельга, і цягнуць страшна цяжка. Вось тады Пуцін і ахарактарызаваў досыць сумленна сытуацыю, сказаўшы, што ўся гэтая валтузьня са Сноўдэнам — накшталт стрыжкі парасяці: віску шмат, а воўны мала.

Зараз, як бачым, Расеі ўсё ж наканавана гэтае парася стрыгчы, таму што пасьля ўсіх грозных словаў, якія былі сказаныя, выдаць Сноўдэна ЗША значыла б поўную страту аблічча для расейскай улады. Таму і выбралі вось той варыянт, які, вядома, на афіцыйным узроўні будзе азначаць сур’ёзныя ўскладненьні ў расейска-амэрыканскіх адносінах.

Зрэшты, нельга выключаць і таго, што гэтае рашэньне было вынікам нейкай дамоўленасьці з ЗША, абсалютна сакрэтнай. Амэрыканцы выкажуць сваю незадаволенасьць на афіцыйным узроўні, у гэтым няма ніякіх сумневаў. Але калі б Расея хацела сапраўды зрабіць гадасьць ЗША, то Сноўдэну далі б від на жыхарства роўна ў той момант, калі ягоная нага дакранулася да расейскай тэрыторыі. Як бачым, гісторыя цягнулася досыць доўга, і ўвесь гэты час ішлі кансультацыі з ЗША. Так што можна дапусьціць (хоць упэўненасьці няма), што гэтае рашэньне зьяўляецца вынікам нейкай дамоўленасьці з ЗША.

— І ўсё ж лёс Сноўдэна не здаецца зусім ужо пасьпяховым. Яму дадзены дазвол на прытулак у Расеі на год. Значыць, праз год яго могуць усё ж выдаць?

— Або яму дадзены гэты час на тое, каб дамовіцца зь нейкай краінай, каб яна яго прыняла. Ці гэта нейкі тайм-аўт, для таго каб усё супакоілася і зьявілася магчымасьць дамовіцца з урадам ЗША аб нейкіх умовах вяртаньня. Усё можа быць. У нас проста няма ніякай інфармацыі пра гэта.

Больш-менш зразумела, што адбудзецца бліжэйшымі днямі — ЗША афіцыйна выкажуць сваё незадавальненьне. Аднак па тым, як у далейшым пойдуць расейска-амэрыканскія адносіны, ці адбудуцца неўзабаве перамовы дзяржсакратара і міністра абароны ЗША зь іх расейскімі калегамі, ці адбудзецца візыт Абамы ў Пецярбург, ці пройдуць перамовы Абамы з Пуціным альбо ён абмяжуецца толькі удзелам у саміце G −20 і гэтак далей, — па гэтых прыкметах мы зразумеем, ці зьяўляецца прадстаўленьне Сноўдэну статусу на адзін год вынікам дамоўленасьці з ЗША альбо Расея прыняла гэтае рашэньне насуперак патрабаваньням Вашынгтону.
XS
SM
MD
LG