Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брузгі: 12 гадзін у чарзе, каб аплаціць дарожны збор


Кіроўцы ня дзівяцца, што Беларусь увяла плату за карыстаньне аўтадарогамі. Яны ня могуць уцяміць, чаму да гэтага як мае быць не падрыхтаваліся адпаведныя службы і трэба стаяць у чарзе ўсю ноч, каб сплаціць гэты збор.

Камэрцыйная эксплюатацыя нацыянальнай сыстэмы спагнаньня платы за карыстаньне аўтадарогамі BelToll пачалася 1 жніўня. Пераехаўшы польска-беларускую мяжу на пераходзе «Кузьніца Беластоцкая — Брузгі», цяжкагрузныя ЦІРы, а таксама замежныя легкавушкі кіруюцца да заправачнай станцыі, дзе знаходзіцца пункт аплаты BelToll.

На заправачнай станцыі нязвыкла шмат цяжкагрузных ЦІРаў, уся стаянка застаўлена, уздоўж трасы таксама аўта. А побач зь невялікім акенцам — чарга кіроўцаў. Пераважна польскіх, але ёсьць і расейцы, і беларусы... Пытаюся — ці шмат часу трэба патраціць, каб сплаціць дарожны збор?

Спадар: «Вельмі доўга трэба чакаць, каб атрымаць дакумэнт. Шмат людзей, чэргі... Я чакаю ўжо дзевяць гадзін».

Спадар: «Вельмі шмат часу страцілі, не арганізавана тут нічога належным чынам».

Карэспандэнт: «І колькі вам давялося прастаяць у чарзе?»

Спадар: «З учорашняга дня, я прыехаў сюды ўвечары. Цэлую ноч хадзіў сюды ў чаргу адзначацца, і вось у мяне 64 нумар, а цяпер каля акенца толькі 40. У сярэднім на афармленьне аднаго чалавека выходзіць ад паўгадзіны да 40 хвілін».

Яшчэ адзін польскі кіроўца, спадар Кшыштаф, кажа: іх абсалютна ня дзівіць, што Беларусь увяла плату за дарогі, бо ў большасьці эўрапейскіх краінаў яны мусяць таксама плаціць за праезд па трасах, у тым ліку і ў Польшчы. Але ён і ягоныя калегі ніяк ня могуць уцяміць — чаму беларускі бок не падрыхтаваўся да гэтага як мае быць.

Спадар: «На гэты момант усё выглядае як параза, бо не падрыхтаваліся, як належыць. Кампутар завісае, адключаецца, праблема з тым, каб адшукаць нумар кліента. Увайшла дзяўчына ў кампутар, але нічога не магла знайсьці. На маю думку, тая дзяўчына ня ведала, як паступова ўвайсьці ў патрэбныя лінкі, каб знайсьці маю фірму і выдаць мне неабходны дакумэнт. Яна папросту была не зусім падрыхтаваная да гэтай працы».

Калі польскія кіроўцы гавораць пра непадрыхтаванасьць адпаведных беларускіх службаў мякчэй, то кіроўцы беларускіх фірмаў выказваюцца зь непрыхаванай рэзкасьцю.

Спадар: «Вельмі ўсё непрадумана. Дый потым, дарог нармальных няма, а грошы бяруць. Я жыхар Беларусі, і я не разумею гэтага».

А яшчэ спадар дадае, што на беларускіх дарогах для перавозчыкаў амаль што няма хоць якога сэрвісу. Усю ноч давялося стаяць, а на месцы няма гатэля, няма нават дзе прыняць душ — гэта выгоды, якія ў Эўропе ёсьць паўсюль.

Спадар: «Пажадана, каб на ўсіх трасах, у тым ліку і на М1, было болей пунктаў, дзе абслугоўваюць машыну, гатэляў, месцаў, дзе можна добра пахарчавацца. Але ж тут нічога ў прыватныя рукі не даюць, ні кавалачка зямлі, дык дзе тут што будзе?»

Выкарыстаньне сыстэмы BelToll будзе абавязковым для кіроўцаў, якія едуць наступнымі відамі транспартных сродкаў: легкавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя за межамі Мытнага зьвязу (пасажырскія аўтамабілі і пасажырскія мікрааўтобусы), з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай ня больш як 3,5 тоны; іншыя транспартныя сродкі (грузавікі, аўтобусы і дамы на колах) з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны.

Памер платы за праезд вагаецца ў залежнасьці ад дапушчальнай агульнай масы транспартнага сродку і колькасьці восяў, складаючы ад 0,04 да 0,12 эўра за кілямэтар. Для вадзіцеляў аўтамабіляў з дазволенай максымальнай масай менш за 3,5 тоны з краін Мытнага зьвязу праезд застаецца бясплатным.
XS
SM
MD
LG