Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Шрамко: Заявы Лукашэнкі несур’ёзныя


айцец Аляксандар Шрамко

айцец Аляксандар Шрамко

Нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт патрэбы рэфармаваць праваслаўную царкву Свабода папрасіла пракамэнтаваць вядомага беларускага сьвятара Аляксандра Шрамко.

Айцец Аляксандар Шрамко тое, што прапанаваў Лукашэнка, лічыць зусім не прапановамі рэформы царквы, а поглядам на нейкія зьнешнія атрыбуты.

«Сур’ёзна ўспрымаць гэта нельга», — перакананы сьвятар:

«Давайце абстрагуемся ад таго, што гэта сказаў дзяржаўны чалавек. Бо гэта накладае пэўныя нядобрыя моманты. Чалавек, які валодае ўладай, павінен разумець, што трэба больш далікатна выказвацца па такіх пытаньнях.

Але будзем лічыць, што выказаўся проста чалавек, Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч. Ён чалавек няверуючы, сам сябе называў праваслаўным атэістам. Што ён мог пабачыць у царкве? Ён жа не пабачыў галоўнай праблемы царквы, для гэтага трэба быць унутры, у царкве. Ён жа ўбачыў тое, што бачыць зьнешні назіральнік: зайшоў, заўважыў — а штосьці тут усе стаяць, нешта незразумелае кажуць, доўга чамусьці. А давайце, маўляў, усё скароцім, каб гэта было зразумела і кампактна.

Ён не зразумеў, што царква патрэбная не для таго, каб патураць людзям, а каб людзі ўвайшлі ў Царства Божае, а для гэтага ад людзей патрабуецца праца».

Айцец Шрамко пры гэтым не адмаўляе, што царкве патрэбныя рэформы:

«Але гэтыя рэформы павінны рабіцца дзеля галоўнай мэты, якой служыць царква: дзеля выратаваньня чалавека і прывядзеньня яго да Бога, і ніякіх іншых мэтаў. У Аляксандра Рыгоравіча іншая мэта. Для яго Праваслаўная царква — нейкі саюзьнік у супрацьстаяньні з Захадам, дзе, як ён казаў, маральнае разлажэньне... Ён захваляваўся, што можа страціць такога саюзьніка ў барацьбе з Захадам. Гэта ён лічыць, што мае такога саюзьніка ў праваслаўнай царкве, зыходзячы з ідэалягічных мэтаў. Для яго галоўнае — ідэалёгія, каб людзі мелі пэўныя ўстаноўкі ў галаве і каб гэтыя ўстаноўкі ўзгадняліся зь ягонымі мэтамі. У царквы ж іншая задача».

Сьвятар Шрамко зазначае: сярод царкоўных людзей ёсьць неспакой, што з гэтых заяваў будзе далей, бо калі кіраўнік дзяржавы, які валодае вялікай уладай, нешта сказаў, то яго падначаленыя могуць кінуцца нешта рабіць:

«Але ў царкве гэта так проста ня робіцца, як думае ён ці іншыя, гэта не армейская структура. Царква грунтуецца на векавых традыцыях, народ гэтага ня ўспрыме. У царкве шмат што залежыць ад людзей, герархі людзьмі не камандуюць».

Тое, што ад герархаў, кіраўнікоў РПЦ, БПЦ дагэтуль няма публічнай рэакцыі на заявы Лукашэнкі, айцец Шрамко ацаніў наступным чынам:

«Ня трэба так ужо сур’ёзна ўспрымаць тое, што кажа Лукашэнка, ён можа сказаць экспромтам нешта, а заўтра ж сам забудзе. Як пра таго ж сома ў 57 кіляграмаў, вершы Быкава ці Скарыну ў Піцеры. А калі ён казаў пра Бабруйск, пра Гітлера, гэта прыводзіла нават да дыпляматычных цяжкасьцяў. Проста чалавек не падумаў, панесла Астапа, і ўсё. Ну сказаў і сказаў, ня трэба зьвяртаць на гэта ўвагі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG