Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лядоўня – твая прыватная зіма.

Як і кожная зіма, яна жывая — і ты ад яе залежыш.

Лядоўня — новы біялягічны від, які прагне заняць сваё месца пад кухонным сонцам; сумнявацца ў тым, што яна дыхае і мысьліць, абсурдна, а часам і злачынна. Нармальная чалавечая лядоўня ня проста мае душу — яна яшчэ і на працяглы час захоўвае яе прыдатнай для ўжываньня. У адрозьненьне, напрыклад, ад чалавека, душа якога, паляжаўшы пэўны час бяз справы, абавязкова пачынае сьмярдзець. Лядоўня размаўляе з намі — асабліва ўначы, калі яна раптам пачынае наракаць на жыцьцё, на абмен рэчываў, гарачку ў нутры і холад у канцавінах. Лядоўня нагадвае чароўную шафу, куды складваюцца запасы часу: сёньня, заўтра, пасьлязаўтра, а ў некаторых — і на ўвесь год. Калі думаеш пра лядоўні, адразу прыгадваеш свайго сябра, які ахоўвае ладныя шэрагі гэтых істотаў на заводзе «Атлянт», быццам нейкіх важных пэрсонаў; пра футарал ад лядоўні, у якім пасяляецца герой апавяданьня Віктара Марціновіча «Дом». Ня згадваецца чамусьці толькі ежа.

Але вынаходнік Альбэрт Маршал зь Мінэсоты пра ежу думаў. І думаў моцна. У выніку гэтага «пляну Маршала» аўтару ідэі быў выдадзены патэнт на першую ў Амэрыцы лядоўню. Адбылася шчасьлівая падзея 8 жніўня 1899 году. Рэфрыжыратар Маршала быў памерам зь невялікі пакой — калі ў сучаснай лядоўні можа зьмясьціцца адзін мярцьвяк, то ў той пра-лядоўні можна было пахаваць цэлую сям’ю. Спробы прыдумаць лядоўню былі раней: для таго, каб падтрымліваць дух у халодным целе, згодна з усімі законамі адзінства супрацьлегласьцяў выкарыстоўваліся вугаль і дровы.

Пасьля Маршалавага цуду зьявілася лядоўня ад «Джэнэрал электрык» — агрэгат, у камплект да якога самыя ўвішныя гаспадыні шылі сабе прыгожыя супрацьгазы, бо смурод ад яго стаяў неймаверны. Да таго ж ён шумеў, грымеў, лаяўся, а часам і распускаў рукі. І толькі ў 1926 годзе адзін датчанін распрацаваў мадэль ціхага, ураўнаважанага, з чыстай душою і намерамі халадзільніка.

У Савецкім Саюзе першыя лядоўні пачаў вырабляць Харкаўскі трактарны завод. Яны былі гусенічныя, маглі араць, маглі не араць, а на патрэбу іх лёгка можна было ператварыць у танк. Усе памятаюць знакамітую «трыццацьчацьвёрку»... Так што, заўважыўшы на вуліцы старую лядоўню, на белых парэпаных грудзёх якой зіхаціць ордэн, варта спыніцца, пакланіцца і перажагнацца. Хто як умее.
XS
SM
MD
LG