Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ягоным улюбёным словам было «адзінства», ягоным кумірам быў Напалеон. І сам ён яшчэ пры жыцьці зрабіўся кумірам для дзясяткаў і сотняў напалеонаў, напалеончыкаў і іншых напалову багоў, напалову нікчэмнасьцяў. Дыктатар — які гвалтам гнаў падданых да волі. Вызваліцель — гішпанамоўных ад Гішпаніі. Крэол, які так ганарыўся сваім паходжаньнем, нібы быў каралём. Чалавек, які ўзяў на сябе адказнасьць за ўсё і якога перад сьмерцю заканамерна абвінавацілі ва ўсім. Кіраўнік Вялікай лацінаамэрыканскай імпэрыі — якой так і не адбылося. А яшчэ футбольны клюб, конь і капялюш. Скажыце, як яго завуць? Ба...

7 жніўня 1813 году на белым кані Сімон Балівар уяжджае ў Каракас. За сьпінай — перамогі ля Араўрэ, Сан-Матэо, у Карабоба, каля Ля-Вікторыі. Кажуць, усяго за сваё ня надта доўгае жыцьцё ён выйграў больш за чатырыста бітваў. Некалі ў Рыме ён пакляўся, што не супакоіцца, пакуль ня вызваліць Лацінскую Амэрыку. І вызваліў жа! Зрабіў немагчымае. Праўда, наперадзе будзе яшчэ не адна параза, і войска генэрала Бовэса задасьць Балівару перцу — але хто цяпер памятае пра нейкага там Бовэса. Бовэс? Бовэс?.. Маўчаньне. А вось Балівар... Ці ўспомніць нехта праз дзьвесьце гадоў Уга Чавэса?

Тое ўзяцьце Каракасу было ягонай першай сур’ёзнай перамогай. Імя Балівара даведаўся ўвесь сьвет — а яму, сьвету, у 1813-м было чым заняцца і бязь нейкай там «маленькай Вэнэцыі». 7 жніўня 1813 лёс гішпанскіх калёній у Амэрыцы быў вырашаны: у гэтым двубоі — харызма Балівара супраць далёкай, стомленай мэтраполіі — можна было ставіць на паўстанцаў не прагадаўшы хоць увесь капітал. Захаваць калёніі гішпанскімі мог хіба што цуд. Або Балівар. Або яго сьмерць.

Яго ўвесь час хацелі забіць. Ён ратаваўся то дзякуючы сваім верным жанчынам, то ня надта надзейным целаахоўнікам: аднойчы Балівар спаў у гамаку, прачнуўся сярод ночы, пайшоў праверыць пасты — або справіць малую патрэбу... У гамак залез вартавы, які ахоўваў сон Вызваліцеля, і захроп. Балівар вярнуўся празь пятнаццаць хвілін: храпу чуваць ужо не было — у грудзях вартавога пагойдваўся ўсё яшчэ цёплы нож.

У шасьцідзясятых аўтар на імя Грыгулевіч, вэнэсуэлец у душы, напісаў пра Балівара кніжку для сэрыі «Жызьнь замячацельных людзей». Празьмерна патасную, патагонскую па сваіх маштабах, паранармальную па ўзроўні захапленьня апалёгію баліварыянства. Хаця, зрэшты, завяшчаў жа Хасэ Марці кожнаму, хто хаця б аднойчы марыў уехаць на белым кані ў Каракас:

«Нельга спакойна гаварыць пра Балівара — таго, хто ні хвіліны ня ведаў спакою. Пра Балівара можна казаць зь вяршыняў гор, калі гаварыць пра Балівара, няхай пры гэтым грыміць бура, чуюцца грымоты, бліскаюць маланкі!»

Таму нельга, нельга арыштоўваць у менскім сквэры Сімона Балівара крэолаў, якія расьпіваюць там сьпіртовыя напоі. Можа, яны таксама хочуць на белым кані, у Каракас, можа, гэта іх апошняя бітва... Можа, яны таксама чуюць іх: маланкі і грымоты блізкай рэвалюцыі.
XS
SM
MD
LG