Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б толькі каралева Вікторыя ведала, што вы тут з намі робіце...» — сказаў неяк уладар зулусаў Кечваё каМпанда аднаму ангельскаму чыноўніку.

Некалькі гадоў перад тым зулускае войска пад кіраўніцтвам Кечваё абсалютна нечакана разьбіла нахабных і самаўпэўненых ангельцаў ля Ізандлвана: дзедавы дзіды супраць колаў і куляў, стрэлы супраць стрэльбаў — аднак гэта была першая і апошняя перамога правадыра. Цяпер ён быў фактычна ў становішчы палоннага на сваёй уласнай зямлі і быў вымушаны бясьсільна назіраць, як эўрапейцы рабуюць ягоны народ. Дый ня толькі рабуюць, але і катуюць, прыніжаюць, няславяць — і робяць з гэтага чыста эўрапейскае шоў. Чаго вартыя былі спэктаклі, што карысталіся сярод ангельцаў шалёным посьпехам: зулусаў прымушалі інсцэніраваць сьвецкія прыёмы на эўрапейскі манер — а «дарагія брытанскія друзья» качаліся ад рогату.

«Калі б толькі каралева ведала...»

«Дык чаму б Вашай вялікасьці не паехаць да яе і самому ўсё не расказаць?» — сьцепануў плячыма чыноўнік.

І вось улетку 1882 году інкосі Кечваё каМпанда, сын Мпанды, выправіўся ў Лёндан. Пасьмейваючыся, яму пашылі фрак — але магутны воін Кечваё, звыклы хадзіць паўголым, выглядаў у фраку настолькі імпазантна, што кпіны змоўклі, яшчэ не пачаўшыся. Ён не здымаў з галавы зулускай кароны-абруча, ён не зьбіраўся паводзіцца ў Лёндане, як пабіты васал, ён прыехаў да Вікторыі як роўны да роўнай. Лёнданскія газэты пісалі пра яго штодзень: дзе быў, што рабіў, што сказаў, у якой руцэ трымаў нож; ад яго чакалі нейкіх дзікунскіх выбрыкаў, чакалі, калі ён праявіць свае «жывёльныя інстынкты» — але пабачылі ў высокім афрыканцы столькі гордасьці і годнасьці, што пакрысе нават самыя шавіністы прасякнуліся да Кечваё павагай. Яго прынялі ўсе галоўныя лорды, яго разглядвалі ў лярнэты, а ён гаварыў: пра тое, што заўжды хацеў сябраваць з ангельцамі — і пра тое, чым абярнулася тое сяброўства. Пра яго склалі эпіграму:

White young dandies, get away-o!
Clear the field for Cetchwayo!

5 жніўня Кечваё прыняла сама каралева Вікторыя. І, кажуць, была зачараваная дзікуном. Але Брытанія была вышэй за сэнтымэнтальнасьць. Кечваё пакінулі траціну ягоных уладаньняў і пагадзіліся афіцыйна лічыць яго каралём зулусаў — вось і ўсё, што прывёз ён зь Лёндану.


І ўсё ж нешта у гэтых фанабэрыстых рудых брытанцах уладар зулусаў здолеў зьмяніць... Упершыню да Афрыкі зьявілася павага — яшчэ цьмяная, яшчэ напалову зь недаверам, але павага, першая расколіна ў праславутым «ярме белага чалавека». Не міне і сотні гадоў, і яго выкінуць — і жыць зробіцца лягчэй, і ноша стане неяк бліжэйшай да цела.
XS
SM
MD
LG