Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку скандал быў малы. Лукашэнка ўсяго толькі не паехаў у Кіеў на сьвяткаваньне 1025-годзьдзя хрышчэньня Русі. Мэдыі даволі актыўна абмяркоўвалі прычыны гэтага жэсту. Вылучалі самыя розныя вэрсіі. Пісалі пра канфлікт з прэзыдэнтам Расеі, прэзыдэнтам Украіны, прэзыдэнтам Сэрбіі (самая экзатычная вэрсія), што «ня так» запрасілі і інш. Хоць, на мой погляд, самая відавочная прычына ляжала на паверхні. Гэта быў дэмарш на адрас кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). Бо менавіта яна была ініцыятарам і арганізатарам сьвяткаваньня.

Але для Лукашэнкі проста так не прыехаць у Кіеў падалося замала. Калі ўжо ісьці на скандал, то ён павінен быць гучны і для ўсіх заўважны. А то нават мэдыі не зразумелі. І ён падрыхтаваў падказку. А заадно і падарунак разам зь віншаваньнем з нагоды юбілею РПЦ.

Якраз у той час, калі ў Кіеве адбываліся сьвяточныя ўрачыстасьці, Лукашэнка ў менскім аквапарку выступіў з заявай пра неабходнасьць рэформы праваслаўнай царквы. І тым самым кінуў інфармацыйную бомбу, пераключыў увагу мэдыяў на сябе, апынуўся ў цэнтры паведамленьняў СМІ.

Што ж сказаў Лукашэнка?

Найперш, ён убачыў вялікія заганы ў дзейнасьці праваслаўнай царквы. «Дзякуй Богу, наша царква не хварэе на тую заразу, на якую захварэла царква на Захадзе. Пра гэта ўсе чулі: і пэдафілія, і „галубізна“, і „ружовыя“, там чорт ведае што сёньня робіцца. Але хварэць мы ўжо пачынаем. І я думаю, што праваслаўная царква тут, у тым ліку і зь дзяржавай, недапрацоўвае». Такім чынам (ня будзем зьвяртаць увагі на ўзгадваньне чорта), праваслаўная царква пачынае хварэць на «заходнюю заразу».

Другі момант. Лукашэнка зрабіў хоць і вельмі асьцярожны, але досыць празрысты папрок на адрас патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла: «І калі ён зараз страціць час і не пераканае сваё асяродзьдзе, паству, што трэба паволі рэфармавацца, напэўна, ня хутка мы вернемся да гэтага пытаньня».

А ў самым канцы свайго юбілейнага сьпічу прэзыдэнт Беларусі вымавіў вельмі двухсэнсоўную фразу: «І ў Беларусі мы над гэтым падумаем». Яе можна зразумець так, што мы ня будзем чакаць, пакуль герархі РПЦ дасьпеюць да рэформаў, а пачнём рэфармаваць Беларускую праваслаўную царкву (БПЦ) аўтаномна. Намёк вельмі празрысты А як вядома, для РПЦ няма нічога страшнейшага, чым жупел аўтакефаліі.

Такім чынам, падарунак і віншаваньне да юбілею ад найбліжэйшага саюзьніка выйшлі проста шыкоўныя. Скандал грымнуў на славу.

Больш складанае пытаньне пра прычыны гэтага канфлікту. На паверхні ляжыць тэма пра пераемніка, наступніка Філарэта на пасадзе кіраўніка БПЦ. У кастрычніку мінулага году адбыўся загадкавы візыт патрыярха Кірыла ў Менск, сустрэча з Лукашэнкам. Можна выказаць здагадку, што бакі не паразумеліся. Кірыл імкнецца прыслаць новага кіраўніка БПЦ з Масквы. А Лукашэнка хоча, каб гэта быў грамадзянін Беларусі, якога назаве ён сам.

Цікава, што адначасова яшчэ з большай крытыкай Лукашэнка абрынуўся на «заходнюю царкву», якая, на ягоную думку, цяжка хворая на вялікія заганы. А ў панядзелак на сустрэчы з кіраўнікамі памесных праваслаўных цэркваў кіраўнік Беларусі заявіў, што «мы назіраем найглыбейшы крызіс маралі і духоўнасьці заходняй цывілізацыі... Але менавіта цяпер стала зразумела, што ня хлебам адзіным будзе жывы чалавек, што ня толькі матэрыяльныя даброты зьяўляюцца вызначальнымі для спакою і росквіту людзей. Само жыцьцё прымушае нас зноў рабіць выбар, шукаць непахісныя духоўныя арыенціры, вызначаць сыстэму каштоўнасьцяў». Гэтую заяву можна разглядаць як апраўданьне беларускай беднасьці. Маўляў, няважна, што мы бедныя, затое больш духоўныя, чым на Захадзе. Хоць незразумела, на чым грунтуецца такая выснова. Бо адсотак вернікаў, рэлігійных людзей у любой заходняй краіне значна большы, чым у Беларусі.

А тут яшчэ шпіёнскі скандал. Арыштаваны ксёндз Лазар, які абвінавачваецца ў дачыненьні да шпіянажу. То бок Лукашэнка пачаў вайну на два фронты: і супраць РПЦ, і супраць касьцёлу.

У гэтым рэлігійна-палітычным дэмаршы як у кроплі вады выявіўся фірмовы стыль Аляксандра Лукашэнкі, псыхалягічныя асаблівасьці ягонай асобы.

Па-першае, гэта імкненьне апынуцца ў фокусе замежных мэдыяў з дапамогай скандалу.

Па другое, танны папулізм, жаданьне ў любой сытуацыі падабацца электарату. Крытыка Лукашэнкам доўгіх малебнаў і пропаведзяў, якія вернікі ў царкве вымушаныя выслухоўваць стоячы, напэўна, будзе ўспрынятая станоўча шматлікімі людзьмі з катэгорыі «праваслаўных атэістаў». А такіх шмат і ў Беларусі, і ў Расеі, і ва Ўкраіне.

Па-трэцяе, не абцяжараны комплексамі паліткарэктнасьці, ён даўно прывык парушаць усе правілы і табу, рабіць тое, што іншыя палітыкі лічаць непрыстойным. Напрыклад, лічыцца некарэктным для дзяржаўных дзеячаў публічна ўмешвацца ў справы царквы. Ці казаць юбіляру падчас сьвяткаваньня юбілею непатрэбствы.

Па-чацьвёртае, імкненьне ўсё кантраляваць, ад хакею, конкурсаў прыгажосьці да рэлігійных спраў. Ён перакананы, што ў краіне не павінна быць ніводнай аўтаномнай грамадзкай сфэры па-за дзяржаўным доглядам і кіраўніцтвам. А правадыр нацыі — гэта адначасова і галоўны царкоўны пастыр.

Па-пятае, комплекс мэсіянства, адчуваньне сябе буйным дзеячам міжнароднага маштабу, патрыярхам усясьветнай палітыкі, абсалютная ўпэўненасьць у сваім праве павучаць праваслаўных патрыярхаў, як трэба рэфармаваць праваслаўную царкву. Маўляў, у каталікоў ёсьць Рымскі папа, які выконвае функцыю вярхоўнага жраца. А ў праваслаўных такога самага галоўнага начальніка няма. Таму хтосьці ж павінен узяць на сябе гэтую функцыю.

Па-шостае, у ягоным уяўленьні сьвет вельмі просты. Напрыклад, тэзіс пра тое, што храмы павінны быць невялікімі, не гнясьці чалавека сваёю веліччу, выяўляе неразуменьне самой філязофіі хрысьціянства. Вялікія і раскошныя цэрквы — гэта вельмі важны сродак візуальнага ўзьдзеяньня на людзей.

Па-сёмае, выкарыстаньне шантажу як унівэрсальнага палітычнага сродку. Гледзячы па ўсім, афіцыйны Менск цяпер у адносінах з Ватыканам выкарыстоўвае тую самую мэтоду, як і ў дачыненьнях з ЭЗ. То бок — браць закладнікаў, а потым патрабаваць адкупных за вызваленьне. У стасунках з ЭЗ гэтую функцыю выконваюць палітзьняволеныя. Вось і ў адносінах з Ватыканам цяпер зьявіўся закладнік — «шпіён» ксёндз Лазар. Гледзячы па ўсім, менавіта дзеля ягонага вызваленьня ў Менск нядаўна прыяжджаў дыплямат Ватыкану кардынал Жан-Люі Таран. Але безвынікова.

Па-восьмае, канфліктнасьць, няспынная зараджанасьць на барацьбу і змаганьне. Вось і цяпер адначасовы публічны канфлікт з праваслаўнымі і каталікамі ня мае вялікага рацыянальнага сэнсу. Але, мусіць, гэта яго падсілкоўвае, дазваляе падтрымліваць добрую форму.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG