Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Івянцы адзначылі 70-я ўгодкі паўстаньня АК


Плястык Валер Калясінскі з нагоды 70-годзьдзя івянецкага паўстаньня супраць нацыстаў зрабіў юбілейны мэдаль.

А авэрсе мэдаля па-беларуску напісана: «1 ІВЯНЕЦКІ ГРОШ» і «70 ГОД ПАЎСТАНЬНЯ Ў ІВЯНЦЫ 2013». На рэвэрсе надпіс на дзьвюх мовах, па-беларуску і па-польску: «AK ІВЯНЕЦ 19.06.2013». Пра гэта інфармуе сайт непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Беларусі.

Антыгітлераўскае паўстаньне выбухнула ў Івянцы19 чэрвеня 1943 года, падпольшчыкі і партызаны Арміі Краёвай захапілі Івянец і трымалі яго цягам сутак. У адказ на гэта праз некалькі тыдняў гітлераўцы правялі ў рэгіёне акцыю помсты «Hermann». У часе гэтай акцыі былі забітыя дзеячы падпольля, салдаты Арміі Краёвай, каталіцкія сьвятары, цывільныя.

Гадавіну Івянецкага паўстаньня паўстаньня адзначае таксама Беларускі каталіцкі касьцёл. Жалобная імша 20 ліпеня адбылася ў Першаях, касьцёл ушанаваў гадавіну пакутніцкай сьмерці ксяндзоў Ахілеса Пухалы і Гэрмана Стэмпня, якія не пакінулі сваіх парафіян у часе карнай апэрацыі нацыстаў.

У Польшчы сёньня адзначаюць 69-ю гадавіну пачатку Варшаўскага паўстаньня.
XS
SM
MD
LG