Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску створаны камітэт абароны дзяцей


У сувязі з выкраданьнем дачкі бабруйскага актывіста аргкамітэта партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вячаслава Шэлега праваабаронцы, журналісты, прадстаўнікі палітычных рухаў стварылі камітэт абароны дзяцей.

Такое рашэньне было ўхваленае па выніках круглага стала ў Бабруйску.

27 ліпеня 16-гадовая дачка Шэлега была шпіталізаваная ў Бабруйскую цэнтральную лякарню з падазрэньнем на страсеньне мозгу. Па словах бацькі, невядомыя ўдарылі Натальлю па галаве падчас ранішняй гімнастыкі, яна страціла прытомнасьць, пасьля чаго яе вывезьлі ў лес за 20 кілямэтраў ад Бабруйска, дзе пакінулі, запэцкаўшы чорнай фарбай. Апазыцыянэр зьвязвае інцыдэнт са спробай спэцслужбаў аказаць ціск на яго.

На пасяджэньні круглага стала прысутнічала каля трох дзесяткаў чалавек, сярод якіх былі прадстаўнікі БХД, Партыі БНФ, «Справядлівага сьвету», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», а таксама мясцовыя журналісты, праваабаронцы і звычайныя гараджане. У грамадзянскі камітэт ўвайшло 18 чалавек, сьпіс застаецца адкрытым.

«Мы ствараем грамадзянскі камітэт, возьмем на сябе абавязацельства праінфармаваць аб гэтым выпадку бабруйчан, — сказала БелаПАН сябра камітэту Таісія Кабанчук.— Мы скіруем працу на інфармаваньне і кансалідацыю грамадзтва вакол гэтай сям’і, каб такога не здарылася ні з кім з нас».

Удзельнікі сходу падрыхтавалі праект звароту, які плянуецца накіраваць у праваахоўныя органы, уключаючы Сьледчы камітэт, і органы мясцовай улады 5 жніўня. У ім грамадзяне выказваюць «крайняе абурэньне тым, што адбылося з Натальляй Шэлег» і заяўляюць, што пагрозы рознага роду паступаюць грамадзкім актывістам «рэгулярна і маюць пасьлядоўны характар».

Аўтары звароту незадаволеныя тым, што дзеяньні невядомых у адносінах да 16-гадовай дзяўчыны кваліфікаваныя толькі як хуліганства. Акрамя таго, яны просяць сьледчыя органы «весьці сьледзтва максымальна празрыста і інфармаваць грамадзкасьць», а таксама ініцыяваць у верасьні «слуханьні з грамадзянамі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў па выніках расьсьледаваньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG