Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выразаць усіх сьвіней вырашана яшчэ ў чатырох раёнах


31 ліпеня пашырана зона барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней у Беларусі.

Да 40-кіламэтровай зоны, якая вызначана пасьля ўспышкі АЧС у вёсцы Чапунь Івейскага раёну, дадалі тэрыторыю Ляхавіцкага раёну. Ён аб’яўлены першай пагражальнай зонай па афрыканскай чуме сьвіней. А так званай буфэрнай зонай па АЧС сталі Баранавіцкі, Івацэвіцкі і Пружанскі раёны, паведамляе tut.by.

Раніцай у Баранавіцкім і Ляхавіцкім райвыканкамах прайшлі нарады па ўсталяваньні прафіляктычнай зоны. Згодна з распараджэньнем абласной вэтслужбы, прадстаўнікі мясцовых уладаў будуць выяжджаць на месцы й інфармаваць людзей пра неабходнасьць забою сьвіней на асабістых падворках.

«Будзе створана сем інфармацыйных груп па 8-10 чалавек на чале з намесьнікамі старшыні і начальнікамі аддзелаў райвыканкаму. Групы будуць езьдзіць па раёне з пастановай на руках і тлумачыць усё насельніцтву», — апавялі ў Баранавіцкім райвыканкаме. Такія ж групы створаныя і ў Ляхавіцкім раёне.

Людзям будуць рэкамэндаваць забіць сьвіней альбо гэта будзе абавязак?

«Дакладная інфармацыя зьявіцца праз дні два. Будуць арганізаваны кампэнсацыі за парасят, кныроў, сьвінаматак, якія нідзе не прымаюцца (нельга здаць на мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы). Пакуль рыхтуецца дакумэнт, мы будзем езьдзіць з інфармацыйнымі групамі па раёне і рэкамэндаваць людзям забіць сьвіней на падворках, каб не чакалі. Але канфіскацыі ня будзе», — сказаў галоўны вэтлекар Ляхавіцкага раёну Павал Сіцько.

У Івацэвіцкім райвыканкаме паведамілі, што ў раёне забаронена ўтрыманьне сьвіней на падворках.
Будзем езьдзіць і рэкамэндаваць людзям забіць сьвіней на падворках. Але канфіскацыі ня будзе

Пружанскі райвыканкам таксама вырашыў забараніць утрыманьне сьвіней па ўсёй тэрыторыі раёну.

У вёсках Баранавіцкага раёну зьявіліся аб’явы, што раён аб’яўлены буфэрнай зонай, таму неабходна забіць усіх сьвіней на падворках да 4 жніўня. А ў выпадку невыкананьня «будзе накладзены штраф і забранае пагалоўе для ўтылізацыі».

Фармулёўкі «буфэрная зона» ў вэтэрынарным заканадаўстве няма, расказалі адмыслоўцы парталу tut.by. Ёсьць паняцьце «другая пагражальная зона». Яна прылягае да межаў першай і складае да 100 км ад межаў ачагу.

Тым часам сайт Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі зьмясьціў інфармацыю пра дадатковыя меры па абароне сьвінагадоўчых комплексаў «у сувязі з масавымі зваротамі грамадзянаў».

Там паведамляецца, што пастановай міністэрства ад 6 траўня забараняецца ўтрыманьне сьвіней на асабістым падворку работнікаў, якія абслугоўваюць пагалоўе сьвіней комплексу. А таксама ў радыюсе не менш за 5 км ад комплексаў забараняецца ўтрыманьне сьвіней сялянскімі (фэрмэрскімі) гаспадаркамі і фізычнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

За невыкананьне правілаў пагражаюць штрафамі й нават зьняволеньнем да двух гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG