Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка заявіў, што Беларусь пастаўляе ў Расею больш малака, чым вырабляе. «Сёньня мы бачым уздоўж беларускай мяжы афшорныя зоны, куды скідваюцца ўсе неліквіды», — заявіў Анішчанка. Ці варта давяраць словам гэтага расейскага чыноўніка, ці можа Беларусь пастаўляць столькі малака на расейскі рынак? Ці сьведчыць гэтая заява Анішчанкі, што Расея гатовая распачаць новую малочную вайну супраць Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

— На вашу думку, ці можна давяраць словам Генадзя Анішчанкі? Ці рэальна, што Беларусь можа пастаўляць у Расею больш малака, чым вырабляе?

— Для гэтага трэба дакладна ведаць, колькі мы пастаўляем і колькі мы вырабляем. І тое і другое ёсьць у пэўным сэнсе таямніцай. Аднак — у сувязі з тымі гісторыямі, якія ў нас былі ў беларуска-расейскім гандлі — я б не выключаў і такі варыянт, што Анішчанка кажа праўду.

— Пад тымі гісторыямі вы найперш маеце на ўвазе «бізнэс на растваральніках»?

— Так. І распушчальнікі, і тоны гарэлкі, якія запаланялі Расею ў сярэдзіне 90-х, на самым пачатку беларуска-расейскай інтэграцыі. Я ўжо бачыў і такія ацэнкі статыстыкаў, якія зьдзіўляліся адносна паставак сьвініны.

Анішчанка, што праўда, схільны перабольшваць маштабы падзеяў. У ягоным выказваньні не гаворыцца, наколькі доўга такое адбываецца. Як лякальная зьява такое можа быць праз рэалізацыю старых запасаў. Але трэба яшчэ ўлічваць, што́ мы прадаем у Расею, калі гавораць пра малако. Значная частка нашых паставак — гэта сухое абястлушчанае малако, і яно можа захоўвацца досыць доўга.

— А ці можа гэта быць імпартнае малако, якое Беларусь фактычна рээкспартуе?

— Якраз з-за сухога малака ўжо былі праблемы з Расеяй. Так, варыянты магчымыя. У нас была гісторыя з цукрам. Расея хацела цукар з буракоў, а мы пастаўлялі ім цукар зь імпартнай патакі, якую бралі ў Лацінскай Амэрыцы.

— Выказваньні Анішчанкі часам мяняліся ў сувязі з палітычнымі падзеямі — гэта тычылася малдаўскага і грузінскага віна, латвійскіх шпротаў і гэтак далей. Ці можна сказаць, што словы Анішчанкі пра малако таксама сьведчаць пра пэўныя палітычныя працэсы?

— Расея часта выкарыстоўвае гэтую пасаду і чалавека на гэтай пасадзе як пугу супраць тых, хто не задаволены расейскай палітыкай. Таму вельмі верагодна, што яго проста зарыентавалі наконт беларускага малака.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG