Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыб: «Як можна прыраўнаць да тэрарызму адсутнасьць патрыятызму»?


31 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана канцэпцыя барацьбы з тэрарызмам у Беларусі, зацьверджаная пастановай ураду.

У ёй вызначаюцца сучасныя тэндэнцыі тэрарызму, зьнешнія і ўнутраныя крыніцы тэрарыстычнай пагрозы.

У якасьці ўнутраных крыніц тэрарыстычнай пагрозы ў Беларусі разглядаецца «фармаваньне, пранікненьне або распаўсюджваньне ідэалёгіі экстрэмізму, сэпаратызму, нацыянальнай, расавай і рэлігійнай нецярпімасьці, узьнікненьне альбо незаконная дзейнасьць арганізацый, груп, паасобных людзей, якія прытрымліваюцца і прапагандуюць указаную ідэалёгію, а таксама функцыянаваньне дэструктыўных культаў і псэўдарэлігійных групаў».

Таксама такой крыніцай можа быць «выкарыстаньне ў палітычнай, грамадзкай ды іншай дзейнасьці мэтадаў, заведама накіраваных на дэстабілізацыю абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь, штучнае нагнятаньне напружанасьці ў грамадзтве, што стварае пагрозу беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам з боку групы асобаў і арганізацыяў, у выніку якіх можа паўстаць небясьпека для жыцьця і здароўя людзей, тэрытарыяльнай цэласнасьці і існаваньня дзяржавы».

Акрамя таго, ва ўрадзе лічаць патэнцыйнай унутранай крыніцай тэрарыстычнай пагрозы «аслабленьне патрыятызму і традыцыйных маральных каштоўнасьцяў у моладзевым асяродзьдзі ў сілу недастатковага ўзроўню разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, дэструктыўнага інфармацыйнага ўзьдзеяньня на працэс сацыялізацыі моладзі, а таксама праяву тэндэнцыяў да росту сацыяльнага расслаеньня».

Камэнтуючы гэтую пастанову, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб адзначыў, што пастанова апублікаваная якраз у той момант, калі ў краіне павышаюцца цэны, уводзіцца плата за дарогі. Ён назваў яе незразумелай:

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Галоўнае пытаньне — хто ўсё гэта будзе вызначаць? Якія экспэрты будуць рабіць заключэньні па гэтым абвінавачаньні, якія спэцыялісты будуць сярод гэтых людзей? І я ня ведаю, чаму ў Беларусі мы аддаём такую вялікую ўвагу тэрарызму. У нас жа тэрактаў практычна няма. Быў, да прыкладу, падрыў мэтро, але ён раскрыты, вінаватыя знойдзены, як кажа ўлада, пакараныя вельмі жорстка. А іншых жа такіх выпадкаў няма. Чаму ж урад прымае сёньня гэтую пастанову? Яна ж павінна зь нечага зыходзіць. Я ня бачу ніякіх тэрарыстычных пагрозаў.

Потым, усё зьмяшалі ў кучу і цяжка нешта разабраць. Як можна прыраўнаць да тэрарызму адсутнасьць патрыятызму? Калі патрыятызм аслаб, гэта ж не азначае, што гэтыя людзі схільныя да тэрарызму. Людзі могуць быць патрыётамі, а могуць і ня быць. Але ж непатрыёты — гэта не абавязкова тэрарысты ці схільныя да тэрарызму.

Я, да прыкладу, жыву на вуліцы Івана Пуліхава, які страляў у намесьніка расейскага імпэратара па Беларусі. Дык гэта быў адназначна тэрарыст. Але камуністычная ўлада назвала яго імем вуліцу, дзе бальшыня кіраўнікоў кампартыі пражывала. Што можна разабраць у нашай рэчаіснасьці — што так, а што ня так?».
XS
SM
MD
LG