Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Мы дасягнулі ўсясьветнага ўзроўню тарыфаў на энэргію»


Цеплавая і электрычная энэргія для насельніцтва з 1 жніўня зноў падаражэе.

Савет Міністраў 29 ліпеня прыняў адпаведны дакумэнт. Свае выдаткі энэргетыкі будуць зьніжаць за кошт спажыўцоў. Пра тое, што Лукашэнка абяцаў не падвышаць камунальныя тарыфы больш як на пяць даляраў за год, улада больш ня згадвае.

Ад 1 жніўня тарыфы на цеплавую энэргію, то бок на ацяпленьне і гарачую ваду, павялічацца на 9%, а на электрычнасьць — у сярэднім на 14%.

Электраэнэргія даражэе ўжо чацьвёрты раз за год, цяпло і гарачая вада — трэці раз. І, як прагназуюць экспэрты, — не апошні.

16 красавіка на нарадзе ў пытаньнях энэргетыкі кіраўнік краіны даручыў Камітэту дзяржкантролю правесьці дэталёвую праверку абгрунтаванасьці тарыфаў, якія фармуюцца ў кабінэтах энэргетыкаў. Лукашэнка тады заявіў, што кіраўнікі галіны заснавалі незалежную арганізацыю «з элемэнтамі мафіі і банды». Вышэйшае кіраўніцтва Мінэнэргетыкі і канцэрну «Белэнэрга» страціла пасады, а некаторыя цяпер пад сьледзтвам. Праз 3 месяцы абгрунтаваньня завышаных, на думку Лукашэнкі, тарыфаў так і не зьявілася, а самі тарыфы зноў папаўзьлі ўгару.

Прафэсар Барыс Жаліба наконт невыкананьня патрабаваньня прэзыдэнта выказаў такую думку:

​«Увогуле, гэта сьмеху варта. Калі прызначаюць новага міністра энэргетыкі спадара Патупчыка, Лукашэнка дае заданьне навесьці парадак у міністэрстве, канцэрнах „Белэнэрга“, „Белпалівагаз“, разабрацца, чаму ў галіне вельмі высокія кошты. Бо наша энэргія, 1 кіляват-гадзіна, часьцяком даражэйшая, чым у нашых суседзяў, нягледзячы на тое, што нашы ўсе ЦЭЦ працуюць на танным расейскім газе. Тут, як кажуць, камэнтары залішнія. Вынік атрымліваецца ня тое што нулявы, а нават яшчэ і горшы».
Наша энэргія часьцяком даражэйшая, чым у нашых суседзяў, нягледзячы на тое, што нашы ўсе ЦЭЦ працуюць на танным расейскім газе

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, які ў свой час быў намесьнікам старшыні парлямэнцкай камісіі па эканоміцы, Віктар Алампіеў зьвярнуўся да новага міністра энэргетыкі Ўладзімера Патупчыка з афіцыйным запытам:

«Чаму энэргетыкі павышаюць тарыфы, калі за 2011 год яны атрымалі прыбытак у 2490%, паводле інфармацыі ў газэце „Аргументы и факты“? Мне прыйшоў адказ: „Ёсьць чысты прыбытак, ёсьць ня чысты прыбытак, ёсьць тое, ёсьць гэтае“. Карацей, нічога канкрэтнага яны мне не адказалі. Таму я буду працягваць высьвятляць гэтае пытаньне і далей. Трэба разабрацца, які сабекошт электраэнэргіі ў сыстэме».

Але сабекошт і электрычнай, і цеплавой энэргіі ў краіне так і застаецца таямніцай, кажа і колішні кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менску, эканаміст Іван Анташкевіч. Гэта пры тым, што Беларусь ужо нават перагнала па коштах на прадукты і прамысловыя тавары сваіх бліжэйшых суседзяў, працягвае спадар Анташкевіч:

«Мы ўжо дасягнулі, можна сказаць, усясьветных стандартаў па тарыфах пры нашай зарплаце. Таму гэта сумна. Але самае кепскае, што тут у нас манаполія. А трэба рэформы рабіць. Паскоранымі крокамі, што да тарыфаў, мы рухаемся да капіталізму, да рынку. І, у прынцыпе, ужо прыехалі. А паводле сыстэмы кіраваньня знаходзімся ў савецкай рэчаіснасьці. Манаполія — адсюль усе праблемы для людзей і для гэтай самай энэргетыкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG