Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт паміж расейскім «Уралкаліем» і «Беларуськаліем» пагражае абрынуць кошты на ўсясьветным рынку мінеральных угнаеньняў.

Першы сыгнал ужо зьявіўся. «Уралкалій» у перадапошні дзень ліпеня заключыў вялікі экспартны кантракт з Кітаем. Цана адной тоны калійнага ўгнаеньня паводле яго ўпала амаль на 100 даляраў параўнальна зь мінулым годам.

«Уралкалій» фактычна выйшаў зь Беларускай калійнай кампаніі, якая мела агульную гандлёвую сетку для двух камбінатаў-гігантаў — расейскага і беларускага. Цяпер ён гандлюе самастойна. Сваё рашэньне расейцы абгрунтоўваюць тым, што беларусы з дазволу Аляксандра Лукашэнкі першымі пачалі прадаваць калій у абыход агульнага распаўсюдніка.

«Гэта сытуацыя пацьвярджае адну ісьціну — працаваць цывілізавана з партнэрамі беларусы, як заўжды, ня могуць», — падкрэсьлівае намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэй Суздальцаў:

Андрэй Суздальцаў

Андрэй Суздальцаў

«Усё гэта на роўні спробаў працаваць за сьпінаю, спробаў падмануць, спробаў скарыстацца партнэрам і г.д. Падобная сытуацыя была з нафтай, растваральнікамі-разбаўляльнікамі ды іншым.

Гэта наагул дзіўная традыцыя. Падпісваюцца на роўні ўрадаў дзьвюх краін дакумэнты, інтэграцыйныя пагадненьні. А пасьля беларускі бок зьбірае экспэртаў з адною мэтай — як абыйсьці гэтыя пагадненьні. Раней гэта было на ўрадавым роўні. А цяпер такі падыход пераносяць і на бізнэс. Вось і ў бізнэсе вырашаюць тое ж самае — як абыйсьці, як падмануць маскалёў».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Салігорскай гарадзкой акрузе Яўген Абаленскі ў мінулым працаваў на «Беларуськаліі». У размова са Свабодай ён пакінуў па-за ўвагай пытаньне пра тое, хто вінаваты ў канфлікце. Дэпутата хвалюе магчымае падзеньне коштаў на калій на ўсясьветным рынку:

«Я думаю, што выхад „Уралкалія“ са складу БКК не ў інтарэсах ані „Ўралкалія“, ані „Беларуськалія“. Таму што калі прадпрыемствы выступаюць кансалідавана, адзіным фронтам на зьнешніх рынках, тады, вядома, можна казаць, што і цэны будуць вытрыманыя на пэўным роўні. Калі ж пазыцыі разьяднаныя, гэта можа падштурхнуць да зьніжэньня коштаў. Таму што гандлем будзе займацца кожная кампанія сама па сабе».

Супольная экспартная праца дазваляла «Ўралкалію» і «Беларуськалію» быць першымі па долі на ўсясьветным калійным рынку, — адзначае кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«То бок яны былі як бы манапалістамі. І маглі ўтрымліваць цэны ад падзеньня. А цяпер, калі яны разышліся, то першай па долі на рынку стала канадзкая кампанія. Яна меншая, і таму ня мае магчымасьці дыктаваць аб’ёмы продажу і цэны на рынку. Цяпер рынак будзе больш вызначаць цану. І таму сапраўды цэны могуць паляцець уніз».

За адзін учорашні дзень капіталізацыя «Ўралкалія» зьнізілася на тры мільярды даляраў. І тым ня менш расейская кампанія сьвядома пайшла на велізарныя для сябе страты, — акцэнтуе ўвагу Андрэй Суздальцаў:

«Вы можаце ўявіць? Яны цудоўна ведалі пра будучыя страты. І што капіталізацыя зьнізіцца, і цана акцыяў стане меншай, і зьменшыцца цана прадукцыі, якую яны пастаўляюць на ўсясьветны рынак. То бок „Уралкалій“ настолькі хацеў выйсьці з дамовы зь беларусамі, што пайшоў на такія велізарныя страты.

Можна казаць, што „Ўралкалій“ развальвае ўсясьветны рынак калійных угнаеньняў. Але, з другога боку, як ацаніць дзеяньні „Беларуськалія“? І тут важна, хто першы пачаў развальваць. Таму што пастаўкі на экспарт „Беларуськаліем“ сваёй прадукцыі па-за межамі Беларускай калійнай кампаніі таксама разбураюць рынак. Пытаньне толькі ў хуткасьці».

«Беларуськалій» дае 8% у кансалідаваны бюджэт краіны. Яго ўнёсак ацэньваецца ў суму каля пяці мільярдаў даляраў. Калі цэны на ўгнаеньні імкліва паляцяць уніз, бюджэт недалічыцца значнай сумы. Яўген Абаленскі мяркуе, што да гэтага ня дойдзе:

«У пэрспэктыве, вядома, будуць дасягнутыя ўзаемныя дамовы. І, найхутчэй, „Беларуськалій“ і „Ўралкалій“ будуць гандляваць кансалідавана, супольна праз БКК. Магчыма, пытаньне заключаецца ў працэнтных суадносінах продажу. А гэтае пытаньне, на мой погляд, больш тэхнічнае, чым палітычнае. Я думаю, што мы і тут прыйдзем да паразуменьня. І паставім на гэтым кропку».
XS
SM
MD
LG