Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўка падатку на дададзеную вартасьць у 2014 годзе можа вырасьці зь цяперашніх 20% да 22%, а стаўка падатку на прыбытак — зьнізіцца з 18% да 12%.

Паводле БелаПАН, гэта прадугледжана падрыхтаваным законапраектам аб унясеньні зьмяненьняў у Падатковы кодэкс.

Распрацоўшчыкі законапраекту адзначаюць, што прапанова павысіць стаўку ПДВ у будучым годзе падрыхтаваная ў рамках працы па прыцягненьні ў бюджэт дадатковых паступленьняў.

Улады чакаюць, што зьмяншэньне падатку на прыбытак зьнізіць падатковую нагрузку на экспартэраў, якія пры экспарце тавараў ужываюць нулявую стаўку ПДВ.

Адначасова з гэтым, на думку распрацоўшчыкаў законапраекту аб унясеньні зьмяненьняў у Падатковы кодэкс, павышэньне стаўкі ПДВ павялічыць падатковую нагрузку на імпарт, у тым ліку спажывецкі.

Варта адзначыць, што падрыхтоўка законапраекту аб унясеньні зьмяненьняў у Падатковы кодэкс праходзіла без удзелу прадстаўнікоў беларускіх бізнэс-асацыяцыяў.

«Зь дзелавой супольнасьцю прапановы, якія тычацца зьмяненьня ставак падаткаў, не абмяркоўваліся», — заявіў БелаПАН старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Калінін.

Між тым, лічыць ён, прапанова аб плянаваным павелічэньні стаўкі ПДВ — «дастаткова спрэчная»:

«У нас стаўка падатку на дададзеную вартасьць сёньня і так вышэйшая, чым у нашых партнэраў па Адзінай эканамічнай прасторы».

Старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі (БНПА) Аляксандар Швец лічыць, што адмоўны эфэкт ад павелічэньня ПДВ будзе значна вышэйшы для бізнэсу ў параўнаньні са станоўчым уплывам, які можа мець зьніжэньне стаўкі падатку на прыбытак:

"Зьніжэньне падатку на прыбытак — фармальна нядрэнная ідэя. Аднак у параўнаньні з павелічэньнем ПДВ зьніжэньне стаўкі падатку на прыбытак — дробная кампэнсацыйная мера для бізнэсу.

Вытворцы павінны будуць падняць цэны, каб пасьля павелічэньня стаўкі ПДВ захаваць ранейшы ўзровень рэнтабэльнасьці. Аднак павышэньне цэнаў не стымулюе продаж прадукцыі, — мяркуюць бізнэсоўцы. Павелічэньне ПДВ на 2 працэнтныя пункты можа зрабіць нэгатыўны ўплыў на аб’ёмы продажаў.
XS
SM
MD
LG