Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД патрабуе ў КДБ інфармацыі пра лёс ксяндза Лазара


Аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» зьвярнуўся ў КДБ Беларусі з патрабаваньнем даць поўную інфармацыю адносна лёсу затрыманага ксяндза Ўладзіслава Лазара.

Паводле сьведчаньняў вернікаў з парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве, ксёндз зьнік два месяцы таму — а гэта значыць, што яму ўжо мусілі прад’явіць афіцыйныя абвінавачаньні, піша прэсавая служба БХД.

«Шпіёнская справа» Андрэя Гайдукова давяла ўсім, што абвінавачваньні ў супрацы з замежнымі спэцслужбамі ў сёньняшняй Беларусі — гэта найчасьцей правакацыя саміх спэцслужбаў і спосаб запалохаць грамадзтва. Парафіяне, пазбаўленыя душпастыра, каталікі і ўсе людзі добрай волі патрабуюць даць інфармацыю, у чым абвінавачваецца ксёндз Уладзіслаў Лазар, чаму яго трымаюць у сумнавядомым СІЗА КДБ і чаму на самым высокім узроўні без суду і сьледзтва робяцца заявы пра яго вінаватасьць.

Мы лічым, што арышт ксяндза Ўладзіслава — гэта спроба запалохаць альбо шантажаваць беларускі Касьцёл і вернікаў«, — напісана ў заяве.

Раней часовы выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі айцец Юры Санько пацьвердзіў Свабодзе факт арышту ксяндза Ўладзіслава Лазара:

«Мы ведаем пра гэты факт, але ня маем дакладнай інфармацыі, за што ён затрыманы. Чакаем, калі зьявяцца на гэты конт афіцыйныя паведамленьні».

Юры Санько зазначыў, што гэтая справа знаходзіцца ў руках дзяржаўных органаў, у прыватнасьці, ёю займаецца нунцыятура (амбасада Ватыкану).

Разважаць на тэму, ці зьвязана затрыманьне ксяндза Ўладзіслава Лазара з агучаным у мінулую пятніцу Аляксандрам Лукашэнкам шпіёнскім скандалам, Юры Санько адмовіўся, спаслаўшыся на той самы недахоп афіцыйнай інфармацыі.

У КДБ інфармацыю пра затрыманьне супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі айца Лазара не пацьвярджаюць і не абвяргаюць.

У мінулую пятніцу Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне супрацоўніка беларускіх спэцслужбаў, які працаваў на замежныя дзяржавы праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы:

«Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які служыў у спэцслужбах і які праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы быў зьвязаны з замежнымі дзяржавамі».

Лукашэнка адзначыў журналістам, што гэты чалавек «ня толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасьці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG