Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагачоў пакінулі без рок-фэсту


Рагачоўскія спонсары адмовіліся ад буйнога фэсту рок-музыкі «ROCKachev», які павінен быў адбыцца 24 жніўня на беразе Дняпра. Арганізатары не выключаюць, што гэта сталася пад ціскам мясцовых уладаў. Фэст скасаваны, арганізатары вяртаюць грошы за білеты.

Як распавёў Свабодзе арганізатар фэсту Андрэй Іваненка, фэст плянавалася правесьці на беразе Дняпра. Чакалася, што ў ім возьмуць удзел 44 гурты, прыедзе некалькі тысяч гасьцей. Грошы, сабраныя на фэсьце, зьбіраліся перадаць на лячэньне хворага дзіцяці Івана Савянкова.

Але на спонсараў, сярод якіх быў Рагачоўскі малочна-кансэрвавы завод, націснулі, і тыя адмовіліся ад падтрымкі фэсту. За кошт продажу білетаў арганізатары маглі б забясьпечыць толькі 30 адсоткаў патрэбнай сумы.

«Вельмі сумная сытуацыя, бо фэст меўся праходзіць 11-м разам. Калі трэці фэстываль скасавалі, двое падлеткаў учынілі самагубства. Тады быў вялікі рэзананс, і фэстываль дазволілі... У нас у групе ў сетцы „Вконтакте“ каля 7 тысяч чалавек, яны ўсе зьбіраліся прыехаць, гэта ўсё моладзь ад 13 да 20 гадоў. Калі ўлады ўчынілі ціск на спонсараў, то гэта адбылося толькі таму, што хацелі перастрахавацца, каб нічога ня сталася».

Андрэй Іваненка пераконвае, што ў фэсьце «ніякай палітыкі» не было. Магчыма, зачапіліся за разьмешчаны ў сеціве відэаролік аднаго з удзельнікаў фэсту, рагачоўскага гурту «Сэкс», з дэманстрацыяй аголенага мужчынскага заду, што палічылі немаральным.

«Нехта накіраваў усім спонсарам спасылку на гэтае відэа — маўляў, глядзіце, што вы падтрымліваеце!», — тлумачыць сытуацыю Андрэй Іваненка.

Лідэр «Сэксу» Валеры Клімчук сказаў Свабодзе, што гурт не ўпершыню адчувае ціск. Летась на дзясятым фэсьце «ROCKachev» іх прымусілі выступаць пад ранейшай назвай, «Водар сьвету», і ў іншых строях.

«Мы сьпяваем па-беларуску і па-расейску, граем панк-рок і здымаем гумарыстычныя ролікі, зь едкай іроніяй. А спонсар і спалохаўся, як можна такое падтрымліваць, што нібыта гэта амаральная нейкая група... Фэст ладзіў адзін арганізатар, а яму супрацьстаяла мноства нейкіх структур. Са страху яны гэта рабілі, ці хацелі перастрахавацца, хоць ніякай палітыкі ні ў нас, ні ў іншых гуртоў няма», — распавёў Валеры Клімчук.

Клімчук сам быў арганізатарам папярэдніх фэстаў «ROCKachev». Ён спадзяецца, што ў наступныя гады рок-фэст удасца правесьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG