Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая прэзэнтацыя адноўленага Arche прайшла ў Горадні


РэдактарArche пасьля амаль гадавога перапынку прэзэнтуе ў Гародні чарговыя нумары

РэдактарArche пасьля амаль гадавога перапынку прэзэнтуе ў Гародні чарговыя нумары

Выдавецкі праэкт Arche пасьля амаль гадавога перапынку прэзэнтаваў чарговыя нумары. Сымбалічна, што і апошняя, і новая прэзэнтацыя адбываліся ў Горадні.

На прэзэнтацыю чарговых нумароў Arche ў Горадні сабралася шмат чытачоў. Прэзэнтавалі нумары «Гістарычная памяць і гістарычная палітыка», а таксама «Партызаны і паліцаі».

Рэдактар Валер Булгакаў апавёў пра тое, што давялося перажыць за мінулы год і падзяліўся стратэгіяй выжываньня часопіса ў новай сытуацыі. Ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што асноўная выснова, якую давялося зрабіць за гэты год — ніколі не здавацца. А місія Arche застанецца той жа: надалей паказваць праўдзівую мінуўшчыну Беларусі.

Булгакаў: «Мы дайшлі да краю ў нашай актыўнасьці, за якім пачынаецца дылема: альбо эміграцыя, альбо крымінальны перасьлед з пэрспэктывай турэмнага зьняволеньня. Цяжкая выснова, але непазьбежная з гэтай гісторыі, што мы цяпер нейкім чынам будзем унікаць лабавога сутыкненьня з тымі дзяржаўнымі органамі, якія адсочваюць так бы мовіць правільнасьць і чысьціню думак. У нас будзе болей гісторыі, болей навукі, але меней спробы таго, што на мове КДБ называецца «дыскрэдытацыя дзяржаўнага ладу РБ».

Летась у верасьні Валер Булгакаў быў затрыманы ў Гародні падчас прэзэнтацыі кнігі Яна Шумскага «Савэтызацыя Заходняй Беларусі». Яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, выхад часопіса апынуўся пад пагрозай, а сам Булгакаў, асьцерагаючыся крымінальнага перасьледу, вымушаны быў пакінуць Беларусь.
XS
SM
MD
LG