Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія хоча адгарадзіцца ад Беларусі


Такія ж прапановы вывучаюць Польшча і Літва.

Харчова-вэтэрынарная служба Латвіі ўзмацніла кантроль на дзяржаўнай мяжы, каб афрыканская сьвіная чума ня трапіла ў Латвію.

Пра гэта ў аўторак заявіла кіраўніцтва службы, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Leta.

Адно зь мерапрыемстваў, пры дапамозе якіх плянуецца змагацца з магчымым распаўсюджваньнем афрыканскай чумы сьвіней на тэрыторыю Латвіі, — пабудова агароджы ўздоўж мяжы краіны. Плянуецца, што плот стане непераадольнай перашкодай для дзікоў, хворых на афрыканскую чуму.

Плот, выдаткі на пабудову якога пакрые Эўразьвяз, будзе разьмешчаны ўздоўж межаў Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі з Расеяй і Беларусьсю. Па словах кіраўніка службы Марыса Балодзіса, кошт такой вялікай пабудовы немалы, і менавіта таму вырашана папрасіць дадатковае фінансаваньне ў Эўразьвязе: «Для Літвы гэта можа абысьціся ў 10 мільёнаў эўра. Для нас — ня менш».

Назіраньні сьведчаць пра тое, што тэмпы распаўсюджваньня сьвіной чумы складаюць прыкладна 40 кілямэтраў у год. Сёньня хвароба ўжо наблізілася да Эўразьвязу — зафіксаваныя выпадкі заражэньня ў Беларусі і Расеі.

У Расеі вірус сьвіной чумы распаўсюджваецца з 2007 году, за гэты час там зьнішчаныя сотні тысяч сьвіней. Сёлета ён дабраўся да Белгарадзкай вобласьці на мяжы з Украінай, дзе вырабляецца амаль чвэрць усёй сьвініны ў Расеі. Паводле зьвестак, пададзеных на сайце Рассельгаснагляду, на 19 ліпеня ў РФ зарэгістравана 85 актыўных асяродкаў АЧС.

У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня ўспышкі АЧС былі зарэгістраваныя ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях Беларусі. Пра ўвод абмежаваньняў на беларускую сьвініну абвясьцілі Літва і Ўкраіна. Польшча і Літва, а цяпер ужо і Латвія заявілі, што хочуць адгарадзіцца ад Беларусі і Расеі плотам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG