Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкотам гарэлкі і сочынскай Алімпіяды — па гамафобных законах


Заходняя ЛГБТ-актывісты заклікаюць да захадаў у адказ на законы, прынятыя ў Расеі, якія забараняюць «гей-прапаганду». Прапануецца, у прыватнасьці, байкатаваць расейскую гарэлку, зладзіць міжнародны байкот зімовай алімпіяды ў Сочы, а таксама ўвесьці візавыя забароны для аўтараў і ініцыятараў адпаведных законаў.

На мінулым тыдні вядомы амэрыканскі пісьменьнік Дэн Сэвідж заклікаў байкатаваць гарэлкі «Сталічную» і «Рускі стандарт» у адказ на законы супраць «гамасэксуальнай прапаганды», прынятыя ў Расеі. У адкрытым лісьце, разьмешчаным у інтэрнэце 28 ліпеня, дзясяткі ЛГБТ-актывістаў Расеі віталі кампанію, прапанаваную Сэвіджам. «Мы высока цэнім і падтрымліваем усе спробы даць зразумець расейскай уладзе, што гамафобныя і бесчалавечныя законы не застануцца незаўважанымі», — гаворыцца ў лісьце.

Бары ў некалькіх гарадах ЗША, а таксама ў Канадзе, Вялікабрытаніі і Аўстраліі, абвясьцілі, што яны спыняюць прадаваць гарэлку гэтых гатункаў.

Байкот гарэлкі — толькі частка больш шырокіх намаганьняў ЛГБТ-супольнасьці, каб пакараць Расею. Некаторыя расейскія геі заклікаюць да байкоту зімовай Алімпіяды 2014 году ў Сочы.

Міжнародны алімпійскі камітэт кажа, што ён атрымаў запэўненьні ад кіраўніцтва Расеі, што спартоўцы і наведнікі Алімпіяды ў Сочы ня будуць прыцягвацца да адказнасьці паводле закону аб «гамасэксуальнай прапагандзе».

ЛГБТ-актывісты таксама зьвяртаюцца да ўраду ЗША з просьбай увесьці візавыя забароны супраць дэпутатаў заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбургу Віталя Мілонава і дэпутата Дзярждумы Алены Мізулінай. Мілонаў зьяўляецца ініцыятарам і аўтарам мясцовага закону супраць «гомасэксуальнай прапаганды», які быў прыняты летась у Санкт-Пецярбургу. Мізуліна, якая ўзначальвае камітэт па справах дзяцей Думы, была ключавым прыхільнікам аналягічнага фэдэральнага закону, які быў падпісаны прэзыдэнтам Пуціным у чэрвені сёлета.

21 ліпеня чатыры галяндзкія кінадакумэнталісты былі затрыманыя ў Мурманску, іх трымалі на працягу васьмі гадзін бязь ежы і перакладчыка, потым вызвалілі і аштрафавалі на сумы, эквівалентныя 100 далярам, за парушэньне візавага рэжыму. Яны здымалі фільм пра ЛГБТ-супольнасьць Расеі, пасьля затрыманьня іх дапытвалі наконт магчымага парушэньня забароны на «гей-прапаганду».

29 ліпеня два дэпутаты ад кіруючай партыі «Адзіная Расея» — Алена Мізуліна і Вольга Баталіна — зьвярнуліся ў пракуратуру з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да Мікалая Аляксеева, аднаго з самых вядомых у Расеі ЛГБТ-актывістаў, які грэбліва выказаўся пра дэпутатак ў Twitter’ы.

Мізуліна заявіла, што мае намер прыцягнуць Аляксеева да адказнасьці за «абразу прадстаўніка ўлады», што караецца штрафам памерам да 1250 даляраў у эквіваленце або грамадзкімі працамі. Яна сказала, што будзе дамагацца, каб прымусіць яго адбываць грамадзкія працы ў месцы,
«дзе ён будзе ня ў стане весьці гомасэксуальную прапаганду, напрыклад, на перавозцы нябожчыкаў.»

Аляксееў — адзін з тых расейскіх ЛГБТ-актывістаў, якія выступаюць супраць як байкоту гарэлкі, гэтак і заклікаў да байкоту Алімпійскіх гульняў. Ён напісаў на Twitter’ы, што мае намер зладзіць гей-парад падчас цырымоніі адкрыцьця гульняў у Сочы пад лёзунгам: «Байкоту Алімпіяды ў Сочы — не, гей-параду ў Сочы — так».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG