Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францішак і Кірыл як іконы розных стыляў


Трыюмфам завяршылася першая замежная пастырская паездка Францішка I — Папу Рымскага ў Бразыліі суправаджала калясальная ўвага і павага вернікаў.

Мерапрыемствы з удзелам кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы зьбіралі сотні тысяч чалавек і былі пазбаўленыя палітычнай афарбоўкі. Папа зноў прадэманстраваў выключную асабістую сьціпласьць і ўменьне быць блізкім да шараговых вернікаў.

На шляху ў Італію з борта самалёта папа Францішак праз твітэр падзякаваў ўсім удзельнікам і арганізатарам Сусьветнага дня моладзі ў Бразыліі, які прайшоў пасьпяхова. «Я буду надалей мець бязьмежную надзею ў дачыненьні да моладзі Бразыліі і усяго сьвету: з дапамогай маладых Хрыстос рыхтуе новую вясну ва ўсім сьвеце», — напісаў пантыфік у твітэры.

На пляжы Копакабана на імшы, адслужанай пантыфікам, прысутнічалі прэзыдэнты Бразыліі, Аргентыны і Балівіі і тры мільёны чалавек. Лейтматывам пропаведзі папы Францішка сталі адмова ад эгаізму і нянавісьці і новая эвангелізацыя моладзі з дапамогай самой моладзі. Папа назваў маладых людзей вучнямі і місіянэрамі веры. Пакліканьне да місіянэрскай дзейнасьці, патлумачыў пантыфік, «не нараджаецца ад жаданьня загадваць і панаваць, а ад сілы любові — Ісус абыходзіцца з намі ня як з рабамі, а як з вольнымі людзьмі, зь сябрамі, з братамі, і ня толькі накіроўвае, але і суправаджае нас». Кіраўнік прэсавай службы Ватыкану айцец Фэдэрыка Лямбардзі, ацэньваючы прысутнасьць на імшы трох мільёнаў чалавек, адзначыў: гэта сьведчыць пра «жыцьцёвую сілу царквы, здольную прыцягваць моладзь». У цэлым Лямбардзі ацаніў як «надзвычай станоўчы» вынік Сусьветнага дня моладзі ў Бразыліі.

Пляж Копакабана ў Рыю дзі Жанэйру

Пляж Копакабана ў Рыю дзі Жанэйру

Як адзначаюць італьянскія журналісты, для таго каб заваяваць Бразылію, краіну-гіганта Лацінскай Амэрыкі, папу Францішку спатрэбілася ўсяго паўгадзіны з моманту прылёту. Знакам візыту сталі апушчаныя шыбы аўтамабіля, якія сымбалізуюць яго блізкасьць да народу і яднаньне з ім.

Пантыфіка параўноўваюць з супэрзоркай: Папа Рымскі не перастае ўсьміхацца, вітаць, паціскаць рукі, цалаваць і дабраслаўляць дзяцей. Найбольш часта ужыванымі ў італьянскай прэсе эпітэтамі для апісаньня паездкі Францішка ў Бразылію былі словы «гістарычная» і «беспрэцэдэнтная». Атмасфэру народнага сьвята вызначылі ўсеагульны энтузіязм і натхненьне. Ватыканскія крыніцы паведамляюць аб «мірным нашэсьці паломнікаў» у Бразылію. Вернікі ў літаральным сэнсе «закідалі» папу падарункамі, майкамі з сымболікай Сусьветнага дня моладзі, рэлігійнымі сымбалямі і лістамі з пажаданьнямі і просьбай памаліцца за іх. Служба бясьпекі пантыфіка сабрала некалькі мяхоў гэткіх дароў. Усе лісты-пажаданьні будуць сабраныя разам, а просьбы аб малітве будуць выкананы — паведамілі ў атачэньні пантыфіка.

Карцінкі кантактаў Папы Рымскага з парафіянамі ў Бразыліі і моладзевая атмасфэра яго выступаў перад мільённай аўдыторыяй моцна кантрастуюць з падзеямі апошніх дзён у Маскве, Кіеве і Менску, дзе завяршаюцца ўрачыстасьці з нагоды 1025-годзьдзя Хрышчэньня Кіеўскай Русі. Гэтае сьвята здаецца прызначаным для палітыкаў, чыноўнікаў і царкоўных герархаў — беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі, кардоны міліцыі, якія адлучаюць сьвятароў ад праваслаўнага натоўпу, патрыярхі і мітрапаліты ў асяродзьдзі прэзыдэнтаў і міністраў, а ня людзей з вуліцы. Суразмоўца РС — вядучы навуковы супрацоўнік пецярбурскага Інстытуту гісторыі РАН грамадазнаўца Ірына Лявінская.

— Узьнікае ўражаньне, што каталіцкая царква спрабуе наўпрост гаварыць з паствай і быць бліжэй да людзей, стоячы разам з тым у баку ад штодзённых палітычных праблем і устрымліваючыся ад палітычных выказваньняў, а для Праваслаўнай царквы важней за ўсё іншае — палітыка і зносіны з палітыкамі на высокім дзяржаўным узроўні ...

«Думаю, гэта абсалютна дакладнае ўражаньне. Ключавую ролю тут адыгрывае новы Папа Рымскі Францішак, які невыпадкова ўзяў сабе імя Асізскага сьвятога. Папа чарговы раз прадэманстраваў сьціпласьць: адправіўся ў далёкі шлях у Бразылію, адмовіўшыся ад спэцумоваў, зь вялікай цяжкасьцю яго атрымалася пераканаць ляцець бізнэс-клясай. Што зрабіў папа ў Бразыліі? Наведаў фавэлы. Пра што была ягоная пропаведзь? Папа горача зьвяртаўся да маладых людзей і казаў пра тое, што неабходна будаваць цывілізацыю любові.

Патрыярх і прэзыдэнт віншуюць адзін аднаго з хрышчэньнем Русі

Патрыярх і прэзыдэнт віншуюць адзін аднаго з хрышчэньнем Русі

Цяпер параўнаем, што мы бачылі ў Кіеве. Многія вернікі, нават тыя, у каго былі пропускі, не патрапілі на ўрачыстасьці на Ўладзімерскую горку. Там былі кіраўнікі дзяржаў, напэўна, у сувязі з гэтым мусіла быць нейкая ахова, але мне здаецца, што ў гэтай сытуацыі трэба было выставіць ня толькі міліцыю, а прынамсі адзін шэраг сьвятароў, якія б зьвярталіся да людзей, маліліся разам зь імі. Вось прыйшлі вернікі, прыйшла іх паства — дык зьвярніцеся ж да гэтай паствы, растлумачыце, што ў дадзены момант пакуль прайсьці немагчыма, але давайце разам з вамі будзем маліцца тут! У СМІ зьявіліся паведамленьні аб тым, што патрыярх Кірыл прыехаў ва Украіну на браніраваным цягніку. Потым зьявіліся абвяржэньні, але ўсе ў гэты браніраваны цягнік паверылі, таму што такое магчыма, гэта вельмі праўдападобна, гэта цалкам у стылі паводзін патрыярха.

Папярэдні візыт Кірыла ва Ўкраіну быў зьвязаны з двума скандаламі: адзін — зь зьяўленьнем фатаграфіі патрыяршай рукі з фантастычна дарагім гадзіньнікам «Брэгет»; другі — таксама з фатаграфіяй, памеры натоўпу, што прысутнічаў на ягонай пропаведзі, павялічылі з выкарыстаньнем фаташопу. А цяперашні візыт зьвязаны яшчэ і з палітычнай прамовай Кірыла, у якой ён сардэчна падзякаваў прэзыдэнту за арганізацыю сьвяткаваньня. Але пры чым тут расейскі прэзыдэнт? Гэта чыста царкоўная справа, у патрыярха дастаткова магчымасьцяў самому арганізаваць такі візыт. Чаму гэтым павінна займацца расейская дзяржава? Юбілей Хрышчэньня Русі зьвязаны яшчэ і з канчатковым вынішчэньнем сьвяткаваньня Дня Нэптуна. Такое адчуваньне, што Праваслаўная царква сур’ёзна ўспрымае такія блазнаваньні і лічыць, што паганскія вераваньні, вера ў антычных багоў, уяўляюць пагрозу праўдзівай веры».

— У вас ёсьць тлумачэньне прычын, па якіх праваслаўная і каталіцкая цэрквы адзначаюць свае сьвяты ў такой рознай стылістыцы? Чаму такая розная цікаўнасьць да гэтых мерапрыемстваў? Выкажам здагадку, на Копакабане сабраліся нават ня тры мільёны чалавек, а «ўсяго» мільён, але і такую колькасьць вернікаў немагчыма ўявіць сабе ні ў воднай постсавецкай рэспубліцы. Тым больш, што кантакты Папы Рымскага з паствай крыху нагадваюць атмасфэру рок-канцэрту, а ня толькі імшы.

«Дык гэта так і мусіць быць, мы жывем у сучасным сьвеце, і стыль паводзінаў царквы мусіць зьмяняцца. Ватыкан зьвяртаецца да моладзі, папа задавальняе сапраўды маладзёвае дзейства, але гэта ніяк не прымяншае значэньня яго пропаведзі. А ў Расеі — цьвёрды курс на цэзарапапізм, поўнае аб’яднаньне царквы зь дзяржавай. Гэты казённы стыль ня можа не выклікаць адчужэньня, адштурхоўваньня прынамсі ў часткі грамадзтва».

— Несучасны стыль паводзінаў царквы — ад таго, што ў Расеі, Украіне і Беларусі несучаснае грамадзтва?

Іх пост - Уладзімерская горка

Іх пост - Уладзімерская горка

«Не, не таму. Проста царква ня ставіць сваёй галоўнай задачай зьвярнуцца да паствы, зьвярнуцца да вернікаў, думаць пра вернікаў, думаць пра людзей, ісьці ў трушчобы, калі хочаце, гаварыць на мове, які жыхарам трушчоб зразумелы. Пасьля 1991 году ў Праваслаўнай царквы была такая магчымасьць — пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму, калі грамадзтва зьвярнулася да царквы, таму што царква, гнаная, перасьледваная, была знакам таго сьветлага і добрага, што вынішчалася пры савецкай уладзе; якарам, які дапамагаў утрымацца ў сьвеце, які кардынальна руйнаваўся. Але царква не зрабіла абсалютна нічога, перш за ўсё таму, што на чале РПЦ апынуліся савецкія па духу людзі, якія вырасьлі ў савецкім грамадзтве. Была надзея, што зьявіцца новае пакаленьне сьвятароў, якія атрымалі добрую адукацыю, і нешта зьменіцца. Але высьветлілася, што гэтая сыстэма не паддаецца рэфармаваньню, яна ўсіх падладжвае пад сябе. Гэта не азначае, што ў царкве няма выдатных сьвятароў — яны заўсёды ёсьць, што ўсу ў царкве патанулі ў раскошы — гэта ня так. Але правілы гульні і паводзін вызначае вярхушка, герархі царквы, патрыярх, і гэта ніякіх надзей не пакідае», — кажа грамадазнаўца Ірына Лявінская.
XS
SM
MD
LG