Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы едуць на «Бандэрштат»


Фэст у Луцку, 2011 год.
Фэст у Луцку, 2011 год.

Фэст альтэрнатыўнай музыкі «Бандэрштат» сёмы год запар пройдзе на Валыні — гэтым разам у Луцку 3-4 жніўня. Імпрэза пазыцыянуе сябе як фэст украінскага супраціву. Сёлета на ім выступіць беларускі гурт «Сьцяна».

Паводле арганізатараў, галоўная ідэя фэстывалю, прысьвечанага лідэру АУН Сьцяпану Бандэру, — папулярызаваць украінскую культуру, музыку, нацыянальнае адзінства, патрыятызм, праслаўляць украінскіх герояў, якія змагаліся за незалежнасьць Украіны. Сёлета фэст набірае яшчэ і палітычнае гучаньне.

Паводле аднаго з арганізатараў фэстывалю, дэпутата Валынскай абласной рады ад руху «Бацькаўшчына» Ігара Гузя, украінцы маюць рыхтавацца да супраціву цяперашняму рэжыму. На «Бандэрштат» прыедзе Юры Луцэнка і група ўкраінскіх палітыкаў-апазыцыянэраў, кажа Гузь. Гэта, паводле Гузя, стала прычынай таго, што Валынская адміністрацыя заблякавала фінансаваньне фэстывалю. Чыноўнікі Валынскай абласной адміністрацыі праігнаравалі рашэньне абласной рады аб выдзяленьні на імпрэзу 50 тысяч грыўняў. Тым часам «Бандэрштат» падтрымала Луцкая гарадзкая рада, шматлікія грамадзкія арганізацыі і музыкі.


«На фэстывалі будзе ня дух апазыцыі, а дух супраціву цяперашняму рэжыму, культурны дух моладзі. Акрамя музычнай часткі, наш фэст мае грамадзка-палітычны складнік. Мы не хаваем нацыяналістычнай прыкметы нашага фэстывалю: будзе гісторыя, палітыка, грамадзкая тэматыка, хочам як мага больш моладзевых арганізацый прыцягнуць, каб была праява моладзевай актыўнасьці, гэтая дзея павінна аб’яднаць розныя ініцыятывы», — кажа Ігар Гузь.

Шаснаццаць украінскіх гуртоў, сярод іх «Скрабін» і «Тартак», будуць выконваць на «Бандэрштаце» патрыятычныя і паўстанцкія песьні. Кожны год на фэст запрашаюць гурт зь Беларусі. Летась на фэсьце выступілі «Akute», сёлета туды едзе «Сьцяна». На фэст зьбіраюцца і гледачы зь Беларусі: у суполцы Вконтакте арганізаваная старонка Беларусь едзе на Бандэрштат.

На «Бандэрштаце» адбудзецца гістарычная рэканструкцыя бою УПА супраць войскаў Вэрмахту. Асобнае мерапрыемства арганізатары «Бандэрштату» прысьвецяць Валынскай трагедыі. Удзельнікі фэстывалю ня маюць намеру апраўдваць удзельнікаў УПА, якія забівалі палякаў на Валыні ў 1943 годзе, адзначыў у камэнтары для Радыё Свабода Ігар Гузь:

«Мы хочам, каб удзельнікі фэстывалю пачулі аб’ектыўную праўду. Мы прызнаем, што былі злачынствы з абодвух бакоў, але гэта адбывалася на ўкраінскай тэрыторыі. Мы разумеем, што Ўкраіна ідзе ў Эўропу, што Польшча наш саюзьнік, трэба перагарнуць старонку».

Слова «Бандэрштат» паходзіць зь Львову. Так некалі нефармальна называлі горад ад прозьвішча Бандэры. Львоўскі гурт «Браты Гадзюкіны» у пачатку 90-х выканаў аднайменную песьню і надаў слову патрыятычнае гучаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG