Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутат Робэрт Тышкевіч назваў стварэньне групы па супрацоўніцтву зь Беларусьсю ў Сэйме «сорамам і сур’ёзнай палітычнай памылкай».

Новая група ў Сэйме зьявілася 2 ліпеня, на сваё першае пасяджэньне 24 ліпеня дэпутаты запрасілі беларускага амбасадара ў Варшаве. Старшыня групы Яўген Чыквін заявіў, што мае намер будаваць добрыя адносіны зь Беларусьсю ў эканамічнай і культурнай сфэрах, хоць не адмаўляецца і ад падтрымкі беларускай апазыцыі.

Група ўтварылася нягледзячы на тое, што з 2005 году ў Сэйме ўжо існуе дэпутацкае аб’яднаньне ў справах Беларусі, якім кіруе Робэрт Тышкевіч.

Спадар Тышкевіч у інтэрвію Польскаму радыё заявіў, што Польшча шмат гадоў стараецца, каб Эўразьвяз меў адзіную пазыцыю адносна Беларусі, краіна шмат разоў выступала ініцыятарам рэзалюцыяў з асуджэньнем рэжыму Лукашэнкі. Новая ж група ў Сэйме хоча супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі.

Робэрт Тышкевіч

Робэрт Тышкевіч

«Гэта адмаўленьне існуючай пазыцыі польскага Сэйма і польскіх уладаў. Мы хочам эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, польскія лякальныя ўлады маюць кантакты зь беларускімі мясцовымі органамі ўлады, але не падтрымліваюць урад гэтай краіны. Вы ня можаце адначасова рабіць камусьці вымову і гладзіць па галоўцы, — кажа спадар Тышкевіч. — Я не сумняваюся, што гэтая група паўстала ў піку нашаму аб’яднаньню, якое існуе з 2005 году, якое я маю гонар узначальваць. Гэты новы праект закліканы стварыць пралукашэнкаўскае лобі ў польскім Сэйме».

Мэта дзейнасьці групы, якую ўзначальвае спадар Тышкевіч, — падтрымка дэмакратычных пераменаў у Беларусі, і ён будзе імкнуцца перацягнуць дэпутатаў, якіх сабраў Яўген Чыквін, у сваё аб’яднаньне:

«Я праінфармаваў прэзыдыюм Сэйма, што лічу, што існаваньне дзьвюх групаў у справах Беларусі не апраўданае ні палітычна, ні лягічна. Кожны ахвотны можа ўвайсьці ў аб’яднаньне, якое я ўзначальваю. Але, на жаль, гэта здарылася. Я спадзяюся, што прынамсі некаторыя з дэпутатаў, якія вырашылі далучыцца да новай групы, магчыма, з добрымі намерамі, зразумеюць палітычны кантэкст гэтага праекту, не захочуць падтрымаць фракцыю Лукашэнкі і падтрымліваць урад цяперашняй Беларусі. У гэтай краіне ёсьць яшчэ вязьні сумленьня».

У склад групы Чыквіна ўвайшло 11 дэпутатаў Сэйма. Яўген Чыквін заявіў, што хоча будаваць добрыя, суседзкія адносіны зь Беларусьсю ў культурнай і эканамічнай сфэры, зьбіраецца наладжваць моладзевыя абмены, займацца праблемамі нацыянальных меншасьцяў, аховы навакольнага асяродзьдзя.

Спадар Чыквін пры гэтым перакананы, што «немагчыма арганізаваць якое-колечы супрацоўніцтва без кантактаў зь беларускімі ўладамі, мясцовымі або цэнтральнымі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG