Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньне 1025-годзьдзя хрышчэньня Русі перасягнула ўрачыстасьці 1000-гадовага юбілею


У Менску завяршыліся ўрачыстасьці з нагоды 1025-годзьдзя хрышчэньня Русі.

Адмыслоўцы адзначаюць, што сьвяткаваньне 1025-годзьдзя хрышчэньня Русі перасягнула ўрачыстасьці 1000-гадовага юбілею.

Заключныя ўрачыстасьці ў Менску распачаліся хросным ходам. Па галоўных вуліцах сталіцы прайшлі некалькі тысяч праваслаўных вернікаў з розных гарадоў Беларусі. Затым — урачыстая малітва, якая прайшла на адной з найбуйнейшых вулічных пляцовак гораду — на месцы былога замчышча, непадалёку ад падмуркаў найдаўнейшай у Менску праваслаўнай царквы. Падчас малітвы людзі таксама стаялі ў чэргах, каб пакланіцца праваслаўным сьвятым на абразах:

Карэспандэнтка: «Куды чарга, што вы стаіце?»

Спадарыня: «Дарэчы, нават самі ня ведаем. Усе пытаюць, куды, але мы сталі за людзьмі і стаім. Спадзяемся, што да крыжа, але ў кожным разе тут людзі сабраліся, каб пакланіцца сьвятыні. І таксама ўдзел у патрыяршай службе — усё ж рэдка такое ўдаецца».

Карэспандэнтка: «Ці некалі перажывалі такую ўрачыстасьць? Што для вас яна азначае?»

Спадарыня: «Увогуле на тэрыторыі Беларусі гэта першая такая падзея. Такое здараецца ня толькі ня кожны год, але нават ня кожнае дзесяцігодзьдзе. Удзел у такой імпрэзе — гэта і вялікі гонар, і дзякуй Богу, што мы змаглі прыехаць сюды».

Карэспандэнтка: «Вы ня зь Менску?»

Спадарыня: «Не, мы з Жыровічаў».

Падыходы да месца правядзеньня ўрачыстасьцяў традыцыйна ахоўвалі амапаўцы, але гэтым разам у цывільным адзеньні. Яны праводзілі людзей праз турнікеты і спраўджвалі зьмесьціва сумак ды кішэняў. Паводле розных ацэнак, удзел у сьвяткаваньні ў Менску ўзялі ад 30 да 50 тысяч чалавек. Сярод іх было багата людзей сталага веку, якім цяжка было трываць доўгі хросны ход і малітву на санцапёку, так што шмат хто мусіў зьвяртацца да лекараў хуткай дапамогі:

«Мы няшмат ішлі, але вельмі сьпякотна, а мы сардэчніцы — вось памералі нам ціск, дык падвышаны — мусім сыходзіць. Але за чатыры гадзіны адчулі сьвята, вельмі ўсё ўрачыста і ўзьнёсла. І радасьць такая, што гэтулькі духоўных асобаў да нас прыехала — паслухалі іх прамовы і рады, што тут пабылі».

Заключная малітва на менскім замчышчы адбылася пад кіраўніцтвам патрыярха Маскоўскага Кірыла. Разам зь ім удзел у сьвяткаваньні ўзялі патрыярх Александрыйскі Феадор, патрыярх Ерусалімскі Феафіл, каталікос-патрыярх Грузінскі Ільля, патрыярх Сэрбскі Ірыней, архібіскуп Кіпрскі Хрызастом, мітрапаліт Варшаўскі Сава і мітрапаліт Амэрыканскі Ціхан. Гэткім чынам, заключныя імпрэзы ў Менску сталіся найбольш буйнымі і прадстаўнічымі з усіх трох дзён сьвяткаваньня юбілею, мяркуе сьвятар Сьвята-Елізавецінскага манастыра айцец Радыён:

«Так, сёньня тут цэнтар усіх падзеяў, якія адбываліся таксама на Ўкраіне і ў Расеі. Бо на сёньня Сьвятая Русь — гэта Белая Русь, Малая Русь і Вялікая Русь. І вельмі важны прыезд патрыярха, які ёсьць нам падтрымкай. Бо, да прыкладу, ва Ўкраіне ідзе раскол на нацыяналістычнай глебе, бо некаторыя лічаць, што Масква хоча іх здушыць. Але на сёньня яны падпарадкоўваюцца яшчэ маскоўскаму патрыярху, і гэта вельмі важна. Бо на пасьлясавецкай прасторы засталася адзіная сіла, якая яшчэ стрымлівае, каб тут не было бязьмежжа. Калі яе разваліць, то ўсё разваліцца».

Па заканчэньні заключнай малітвы слова ўзяў патрыярх Маскоўскі Кірыл, які падзякаваў кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку за магчымасьць сьвяткаваньняў, а таксама памылкова назваў мітрапаліта Філарэта Патрыяршым экзархам усяе Ўкраіны. У сваю чаргу мітрапаліт Філарэт адзначыў, што ўрачыстасьці ў Менску — гэта і даніна шанаваньня беларускаму народу, які зазнаў багата пакутаў з прычыны сацыяльных катаклізмаў і войнаў. Гэтаксама як і іншыя ўдзельнікі ўрачыстасьцяў, мітрапаліт Філарэт прамаўляў па-расейску, на завяршэньне, аднак, павіншаваў людзей па-беларуску: «Са сьвятам».

Заўважнае першынство маскоўскага патрыярха Кірыла, а таксама размах урачыстасьцяў, якія перасягнулі сьвяткаваньне нават 1000-годзьдзя хрышчэньня Русі, старшыня праваслаўнага брацтва Трох віленскіх мучанікаў Мікола Матрунчык пракамэнтаваў гэтак:

«Тысячагодзьдзе было ўласна беларускім сьвятам, і галоўным пунктам была Полаччына. Таму быў іншы фармат гэтага сьвята і іншыя перажываньні. А цяпер гэта іншы сэнс і іншае сутнаснае значэньне. Што тычыцца патрыярха Кірыла, то сапраўды магло скласьціся ўражаньне, што ён трымаў галоўную ролю. Гэта можна патлумачыць тым, што ён больш валодае тым сутнасным значэньнем, закладзеным у гэтым сьвяткаваньні, а іншыя герархі былі ўсё ж запрошанымі. Але галоўнае, каб вонкавае ўражаньне не закрыла сутнаснага значэньня гэтага сьвята».

На заканчэньне духоўныя герархі заклалі капсулу з памятным лістом у гонар сьвяткаваньня юбілею ў падмурак найстарэйшай праваслаўнай царквы ў Менску. А патрыярх Кірыл выказаў спадзяваньне, што на даўнім падмурку неўзабаве будзе ўзьведзены новы праваслаўны храм.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG