Лінкі ўнівэрсальнага доступу

388 паўстанцаў Лідзкага павету


На месцы падзеі ва ўрочышчы Крыжы Лідзкага раёну

На месцы падзеі ва ўрочышчы Крыжы Лідзкага раёну

На Лідчыне агучылі сьпісы паўстанцаў 1863 году зь Лідзкага павету. У іх 388 прозьвішчаў.

Гэта зрабілі з нагоды 150-й гадавіны паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Прозьвішчы зачыталі ва ўрочышчы Крыжы, дзе сабралася каля трыццаці чалавек. Сьвята наладзіла раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы.

Урочышча Крыжы — паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы. На тым месцы дзевятнаццаць гадоў запар ушаноўваюць памяць паўстанцаў. Удзельнічае ў гэтым ксёндз Рышард зь Белагрудзкага касьцёла. Зь Менску прыяжджаў старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Кіраўнік Лідзкай арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік:

«Асаблівасьцю сёлетніх урачыстасьцяў было тое, што ўпершыню чыталіся сьпісы паўстанцаў Лідзкага павету. Трыста восемдзесят восем імёнаў. І былі зачытаныя назвы вёсак, якія былі цалкам зьнішчаныя, а жыхары высланыя ў Сыбір. Гэта вёскі, якія нейкім чынам вызначыліся ў паўстаньні. Як вёска Забалаць, дзе пасьля абвяшчэньня пачатку паўстаньня трыста сялян выйшлі з касьцёла і на пляцы перад ім чакалі, калі ім прывязуць зброю».

Станіслаў Суднік

Станіслаў Суднік

Зброі не прывезьлі, але сяляне адбілі рэкрутаў, забраных у царскае войска, і завалодалі стрэльбамі.

Станіслаў Суднік зазначае, што прозьвішчы паўстанцаў зачытвалі па чарзе тры чалавекі каля сарака хвілін, бо пра кожнага паведамлялася — загінуў ён, быў высланы ці апынуўся ў эміграцыі.

Суднік: «Пасьля імшы адбыўся невялікі канцэрт, выконваліся паўстанцкія і патрыятычныя песьні. Сьпявалі лідзкі бард Сяргей Чарняк і Андрэй Мельнікаў. Пасьля гэтага ўдзельнікі наведалі паўстанцкія мясьціны Ліды і запалілі зьнічы. Каля мэмарыяльнай дошкі Людвіку Нарбуту, на месцы расстрэлу ксяндза Адама Фалькоўскага ў гарадзкім парку і на магіле ўдзельніцы паўстаньня Валерыі Ціхановіч. Яна пражыла дзевяноста два гады, зь іх семдзесят гадоў — пасьля паўстаньня».

Сьпіс паўстанцаў Лідзкага павету, у якім каля чатырохсот прозьвішчаў, склаўся ня сам сабой. Пошукамі займаліся краязнаўцы, якія друкуюцца ў «Лідзкім летапісцы», у «Земі лідзкей» — выданьні на польскай мове, супрацоўнікі мясцовага музэю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG