Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў арыштавалі на 5 сутак за сьцягі


Суд Партызанскага раёну Менску разгледзеў адміністратыўныя справы за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства над трыма актывістамі кампаніі «Альтэрнатыва». Алег Корбан, Зьміцер Сільчанка і Алег Кераль арыштаваны на пяць сутак кожны.

17:15 Алегу Корбану суд даў 5 сутак арышту.

16:50 Зьмітра Сільчанку асудзілі 5 сутак арышту.

16:45 У 17:10 павінны абвясьціць прысуд Алегу Корбану. Апроч сьведак-амапаўцаў у судзе выступіў сьведка, апэратар БелаПАН Андрэй Корсак, які пацьвердзіў, што Алег Корбан ня лаяўся матам. Адвакатка папрасіла спыніць справу з-за недаказанасьці віны актывіста.

Зьміцер Сільчанка і Алег Кераль адмовіліся ад адвакатаў. Суд над Зьмітром Сільчанкам працягваецца.

16:30 Алегу Кералю далі 5 сутак арышту. У судзе над Алегам Корбанам выступілі двое сьведак-амапаўцаў. Яны распавялі, што Алег нібыта лаяўся матам.

Алега Корбана абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Паводле супрацоўнікаў міліцыі, ён нібыта размахваў рукамі, нецэнзурна лаяўся.

Справу разглядае судзьдзя Паўлоўская.

26 ліпеня актывісты «Альтэрнатывы» ўсталявалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі на мосьце праз Партызанскі праспэкт каля ўнівэрмагу «Беларусь». Акцыя ладзілася з нагоды 23-й гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі.

Празь лічаныя хвіліны іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і запхнулі ў два мікрааўтобусы. Разам з актывістамі былі затрыманыя фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Сяргей Гудзілін, журналісты БелаПАН Захар Шчарбакоў і Андрэй Корсак, а таксама актывістка Вольга Бурневіч.

Усіх даставілі ў Партызанскі РУУС. Актывістаў зьмясьцілі да суду ў турму на Акрэсьціна. Журналістаў і дзяўчыну пасьля высьвятленьня асобаў адпусьцілі, не складаючы пратаколаў.
XS
SM
MD
LG