Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскім мэдыкам не патрэбная дапамога з Адэсы


У аршанскім шпіталі, дзе лечаць грамадзян Украіны, якія выжылі ў страшнай аварыі, кажуць, што дапамога ім не патрэбная.

У аршанскім шпіталі цяпер знаходзяцца 9 грамадзян Украіны, якіх прывезьлі пасьля ўчарашняй аварыі, паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі лячэбнай установы:

«Восем зь іх у цяжкім стане, адзін — сярэдняй цяжкасьці. Мы думаем, што яны будуць жыць. У нас дастаткова сіл і сродкаў для іх лячэньня».

Галава Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Эдуард Матвійчук распарадзіўся сёньня накіраваць брыгаду лекараў і груз мэдыкамэнтаў у Аршанскую цэнтральную раённую бальніцу, дзе цяпер знаходзяцца пацярпелыя ў нядзельным ДТЗ грамадзяне Ўкраіны.

Паводле ягоных слоў, абласное кіраўніцтва падтрымлівае сталую сувязь з калегамі зь Віцебску і Оршы, а таксама кантактуе са сваякамі параненых і загінулых.

«Мы гатовыя аказаць любую неабходную дапамогу беларускім мэдыкам», — сказаў прадстаўнік Адэскай абласной адміністрацыі Сяргей Тронька, які дадаў, што разглядаецца таксама варыянт эвакуацыі пацярпелых у Адэскую абласную клінічную бальніцу.

Прадстаўнік Аршанскага шпіталя заявіў Свабодзе, што патрэбы ва ўкраінскай дапамозе мэдыкамі, лекамі, донарскай крывёю няма:

«Усяго ў нас дастаткова, у тым ліку і лекараў. Я ня бачу неабходнасьці ў дапамозе, якую прапануе адэскі губэрнатар. А па-другое, ня я гэта вырашаю», — сказаў прадстаўнік адміністрацыі Аршанскага шпіталя.

ДТЗ адбылося 28 ліпеня ў 7.20 на роўным участку дарогі Санкт-Пецярбург — Адэса ля вёскі Бабічы Аршанскага раёну. У лоб сутыкнуліся два аўтамабілі: «Опэль Амэга» расейскай рэгістрацыі і «Мэрсэдэс Спрынтэр» на ўкраінскіх нумарах. На месцы загінулі кіроўца і чатыры пасажыры «Опеля Амэгі», а таксама трое пасажыраў у «Мэрсэдэсе Спрынтэры», астатніх шпіталізавалі. Кіроўца і ўсе чатыры пасажыры «Опэля» — грамадзяне Ўзбэкістану і Азэрбайджану. Амаль усе пасажыры аўтобуса — жыхары Адэскай вобласьці.

Беларуская міліцыя лічыць асноўнай вэрсіяй прычыны здарэньня тое, што вадзіцель «Опэля» заснуў за рулём.

XS
SM
MD
LG