Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня, седзячы ў сваіх катакомбах пад Менскам — а дакладней, на станцыі мэтро Купалаўская, выхады зь якой сьцерагуць апошнія ацалелыя — самы час прыгадаць, як усё пачыналася. Клятыя шчупальцы могуць зьявіцца ў любы момант — і таму хлопцам трэба быць напагатове. Мы мяняемся кожныя тры гадзіны — але людзей не хапае. Ды пакуль што на станцыі ціха... І можна распавесьці маладым, раз-пораз несумысьля зьбіваючыся з шэпту на сьціснуты крык, што пачалося ўсё гэта роўна 119 гадоў таму, улетку 1894-га. Зямля была бязьвідная й пустая, і Дух Божы насіўся над вадою. Ну, не зусім пустая: на ёй існавала, напрыклад, Брытанія, а ў Брытаніі —часопіс «Nature», у нумары якога за 2 жніўня было надрукаванае паведамленьне пра яркую ўспышку на Марсе.

«...на асьветленай частцы плянэты было відаць моцнае сьвятло, якое заўважыла спачатку абсэрваторыя Ліка, потым Пэратэн у Ніцы і іншыя назіральнікі. ...Я схільны думаць, што гэтая зьява азначала адліўку ў глыбокай шахце гіганцкай гарматы, зь якой марсіяне потым абстрэльвалі Зямлю. Дзіўныя зьявішчы, дагэтуль не патлумачаныя, назіраліся паблізу ад месца ўспышкі і падчас двух наступных супрацьстаяньняў».

12 жніўня прыкладна апоўначы астраном Лявэль на Яве зафіксаваў выбух на Марсе распаленага газу — невядомая маса пачала рухацца ў накірунку Зямлі з «жахлівай хуткасьцю». На другі дзень чалавек, якому мы абавязаныя ўсёй праўдай пра нашэсьце, сустрэўся ў Отэршоў з астраномам Огілві. Уначы яны глядзелі ў тэлескоп за Чырвонай плянэтай. Нябачныя марсіянскія снарады ляцелі на Зямлю, адольваючы некалькі міляў за сэкунду, а часопіс «Панч» друкаваў палітычныя карыкатуры на модную марсіянскую тэму. І вось надышла тая самая ноч...

Ноч, калі ўпала першая зорка.

«Круглая, пустая адтуліна здавалася абсалютна чорнай. Сонца, якое заходзіла, біла мне проста ў вочы. Усе чакалі, што з адтуліны зьявіцца чалавек. Можа, не зусім падобны да нас, але ўсё ж чалавек. Але, зірнуўшы, я пабачыў нешта, што варушылася ў цемры — шэрае, хвалістае, рухавае, бліснулі два дыскі, накшталт вачэй. Потым нешта падобнае да шэрай зьмяі, таўшчынёй у кульбу, пачало выпаўзаць колцамі з адтуліны і рухацца, віючыся, у мой бок: адно, пасьля другое...»

Так яны прыйшлі да нас. Галодныя да ежы. Заняпалыя да новага Lebensraum. Цывілізаваныя да дзікуноў. Крывасмокі да крывадушных. Нашыя мікробы забілі іх — але 30 кастрычніка 1938 году яны вярнуліся, узброеныя вакцынай. Пра гэта ўсё напісана ў кнігах. Старых, цудам захаваных кнігах, у якіх не хапае старонак — як у нашых хлопцаў не хапае ў каго рукі, у каго нагі, у каго носа, як у нашых жанчын почасту не хапае сілаў, каб нараджаць новых людзей. Беражыце гэтыя кнігі. У іх уся праўда пра наш род. Мы выжывем. Абавязкова выжывем. Сьмерць чужакам. Зямля для зямлянаў. Зямля ў ілюмінатары. Падуладная чужым волатам. Як вока. Як вада, як зара. Жыве. Амэн.
XS
SM
MD
LG