Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не люблю слова «нашы». Яно антыгістарычнае і бессэнсоўнае. І да таго ж запэцканае ў кроў. Часьцей за ўсё, ня ў нашую. А сорамна чамусьці ўсё адно нам.

«У Швайцарыі высокія горы, у Італіі творы мастацтва, у Фінляндыі азёры, а Літва — гэта край, дзе вельмі небясьпечна жыць малому народу». Гэта з кнігі «Гісторыя Літвы», выдадзенай нядаўна ў Вільні на трох мовах — шкада толькі, беларускай сярод іх няма. «Небясьпечна...» Так некалі вызначылі адметнасьць сваёй зямлі самі літоўцы, і гісторыя ня раз даказвала, што выснова гэтая цалкам слушная. Бо калі той малы народ хоча быць вольны — а павучыцца вольналюбівасьці ў літоўцаў варта шмат каму, у тым ліку беларусам — у спакоі яго не пакінуць ужо ніколі.

У 1991 годзе на мяжы Літвы зь Беларусьсю і Расеяй ішла сапраўдная неабвешчаная вайна. З аднаго боку — незалежная Літоўская рэспубліка, якая пачала аднаўляць дзяржаўнасьць з усімі яе атрыбутамі, у тым ліку ўласнымі мытняй і памежнай службай. Вядома, ні мытня, ні памежная служба не належаць да найлепшых прыдумак чалавецтва, але калі там, з другога боку, шалее атупелы ад бясьсільля, праржавелы савецкі кібарг, якому заставалася клэпаць па зямлі лічаныя месяцы і які звыкся прымаць розныя абліччы, каб адцягнуць сваю непазьбежную гібель — бязь іх не абысьціся.

Перастрэлкі, напады, рабункі... У той час і ў тым месцы кібарг абраў сабе выгляд амонаўца з аўтаматам Калашнікава і нашыўкай, на якой было слова «Наши». Атаясамліваць сябе з «нашымі» мог хіба што такі самы «наш», то бок — нармальны саўковы зомбі бяз роду-племені. «Нашы» займаліся звычайным бандытызмам — нападалі на літоўскія памежныя пункты, падпальвалі іх, зьбівалі мытнікаў і памежнікаў, зрывалі сьцягі — часам за імі бегаў жвавенькі расейскі журналюжка і здымаў рэпартажы пра «нашы» геройскія подзьвігі.

Калі гэта і праўда для кагосьці былі «нашы» — лепш усё жыцьцё жыць сярод чужых. Нашымі былі літоўцы. Нашымі былі ўкраінцы. Нашымі былі палякі. Знацца з кібаргамі і зомбі не хацелася нікому. Ня хочацца і цяпер. Хіба што ў навуковых мэтах. Пабачыць на свае вочы, як выглядае нянавісьць асуджанага на выміраньне агрэсіўнага расейска-савецкага ідыёта. Не адвярнуцца, дасьледаваць, не забыць. Памятаць ёсьць пра што. Прыкладам, пра Меднікі-Medininkai. І пра тых суайчыньнікаў, якія тады спрабавалі апраўдаць пачвару ў імя нейкіх там сваіх «ідэалаў». «Нашых ідэалаў» — скажуць яны.

У ноч з 30 на 31 ліпеня 1991 году вайна зрабілася самай сапраўднай. Паміж трыма і шасьцю гадзінамі раніцы у літоўскі памежны пункт каля Меднікаў уварваліся некалькі «нашых», верагодней за ўсё, з рыскага АМОНу, загадалі ўсім легчы на падлогу і стрэламі ў патыліцы забілі шэсьць літоўскіх службоўцаў. Яшчэ адзін памёр у пачатку жніўня ў шпіталі, яшчэ адзін цудам выжыў і зрабіўся пастарам. Аднаго з забойцаў нядаўна асудзілі, іншыя хаваюцца — хутчэй за ўсё, у Расеі. Ці — у Беларусі.

Звычайнае забойства — у якога мог быў толькі адзін матыў. За «нашых». За цара, веру і ацечаства. Тры рэчы, якія апраўдаюць усё. Калі ты «наш», вядома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG