Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навальны і казус Касьянава


Зараз вельмі цікава назіраць за рэакцыяй расейскай і беларускай публікі на Аляксея Навальнага. Насамрэч не ў Навальным справа. А ў мэханізьме рэакцыі на чужакоў, на тых, хто парушае правілы згуртаванага кола.

Здаецца, Пуцін зьнік некуды. Галоўная мэта — спыніць пачвару Навальнага: і рашэньне АДС ...прабачце, каардынацыйнай рады апазыцыі, ён ігнаруе, і з уладай нейкія цьмяныя гульні вядзе, і наагул, праект Крамля, праект маскоўскай мэрыі, а галоўнае — такі брыдкі папуліст і нацыяналіст (варыянт — імпэрыяліст). Вось дзіўная справа — калі пару гадоў таму Барыс Нямцоў спрабаваў балятавацца ў мэры Сочы, калі Грыгоры Яўлінскі балятаваўся на прэзыдэнта РФ, чамусьці не было такіх жарсьцяў і праклёнаў. А таксама ж людзі грэшныя. А на Навальнага — навал. І наўрад ці справа ў інтрыгах Крамля ці Лубянкі. Для тлумачэньня дастаткова веды пра норавы «чыстай» публікі, што расейскай, што беларускай. У яе, як у сыстэмах СПА — вызначальнік: свой — чужы.

Уражвае пры гэтым тон, модус філіпік. У інтэрвію кіраўніцы Маскоўскай Гэльсінскай групы Людмілы Аляксеевай Свабодзе http://www.svaboda.org/content/article/25057022.html чаго варты адзін загаловак — «Ці дапушчальны нацыянал-папулізм у палітыцы?» Неяк страх бярэ — а калі раптам не. Бо калі такі бясспрэчны маральны аўтарытэт для мільёнаў расейцаў, як Аляксеева, сказала, што не, то Навальнаму, відаць, застаецца толькі ў скіт сысьці грахі замольваць?

Яшчэ больш дзіўная рэч — гарачыя беларускія спрэчкі, ці імпэрыяліст Навальны. Для прастаты адразу пагаджуся — так, імпэрыяліст. І што? Тыя, хто так у Беларусі лічаць, не падтрымаюць яго? І якая з таго бяда Навальнаму? Расея ж як-ніяк замежжа.

Падаецца, што падобныя абвінавачваньні ня тое, што ня шкодзяць гэтаму расейскаму палітыку, а хіба не наадварот. Калі лібэральная расейская публіка, калі беларускія строгія крытыкі, кажуць фэ, то гэта хаця і не дастатковая, але неабходная ўмова таго, каб палітык заваяваў сымпатыі народнай масы. Расейскай. Але і беларускай таксама.

Не гарантыя, зразумела. Але калі б Навальны прыгаданым спадарыням і спадарам падабаўся, на яго палітычнай кар’еры можна было б адразу сьмела ставіць крыж. А так ёсьць шанец. Можа ён і ня выпадзе. Але калі і ня выпадзе, то зусім не таму, што ён гэтак не падабаецца Іларыёнаву, Аляксеевай і яго беларускім выкрывальнікам.

І гэта не абстрактная, спэкуляцыйныя выснова. Ёсьць досьвед, як у сярэдзіне нулявых расейская лібэральная публіка задушыла ў абдымках свой хіба не адзіны тагачасны рэальны шанец — Міхаіла Касьянава. Зараз можна спрачацца, быў той шанец ці ня быў, але ўпершыню тады расейская апазыцыя атрымала чальца ідэальнай фактуры — апальны чыноўнік вышэйшага рангу, імпазантны мужык з павадкай рускага барына. Гатовы расейскі Юшчанка ўзору 2002-2004 гадоў. Але павёўся на спакусы, папрокі, павучэньні таго самага кола, якое зараз бэсьціць Навальнага — і хто зараз той Касьянаў? Пагоршанае выданьне Нямцова, Яўлінскага, Хакамады etc.

Ну можна запярэчыць, што Юшчанка таксама «павёўся» і дзякуючы таму і перамог. Дык Украіна не Расея. І наадварот.

Дарэчы, калі хто памятае, дык і наконт Ельцына часоў перабудовы, калі ён толькі ішоў да ўлады, тая ж публіка круціла носам. Намэнклятурнае мінулае, дурное змаганьне супраць нейкіх прывілеяў, а не за сапраўдныя высокія каштоўнасьці, сумнеўныя кантакты з антысэмітамі з «Памяці» — неяк не па-нашаму, ня так, як у нашым коле прынята. Вось Афанасьеў, ці нават Папоў, ці Сабчак — гэта ж нашы, гэта ж душкі, заслухаесься. А гэты — мядзьведзь нейкі са сьвярдлоўскага лесу, жывёліна незразумелая. Палітычная. Political animalпа Арыстотэлю.

Ельцыну адказ на папрокі «настаўнікаў» і «выхавацеляў» бурчэў нешта няўцямнае, балазе папрокі былі ня надта гучныя — з рэйтынгам асабліва не паспрачаесься. Але пра сябе ды і на практыцы адказваў іншае — пляваў я на вашы павучэньні. А вось Касьянаў прыняў усур’ёз, прыняў правілы гульні тусоўкі. І, паўтаруся — хто такі зараз Касьянаў?

Падобныя выпадкі можна было назіраць і ў найноўшай беларускай гісторыі. Зьяўляліся палітыкі, якія спрабавалі выйсьці за звыклае апазыцыйнае кола, а потым раней ці пазьней апыналіся ў ім жа, прычым далёка не на першых ролях. Шмат што на гэта ўплывала — сытуацыя, палітыка Расеі і Захаду, палітыка ўладаў, якія мэтанакіравана сьпіхвалі падобных пэрсанажаў у традыцыйнае кола, самае кола, нарэшце, ўяўленьні саміх навічкоў, збудаваныя паводле формулы расейскага клясыка " Ах, Боже мой, что станет говорить княгиня Марья Алесевна«. Не такія ўжо і важныя зараз прапорцыі фактараў, важны вынік — казус Касьянава ў чыстым выглядзе.

Можна толькі спадзявацца, што Навальны адкажа сваім лібэральным крытыкам як Ельцын, а не як Касьянаў. Можа і прайграе, але ня так гарантавана і нікчэмна, як прайграў бы, паслухаўшыся апазыцыйных «княгінь Марый Аляксевен».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG