Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін цягне Ўкраіну ў Мытны саюз


Януковіч і Пуцін пад час асьвячэньня новага звона ў царкве ў Херсонэсе

Януковіч і Пуцін пад час асьвячэньня новага звона ў царкве ў Херсонэсе

Прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі Віктар Януковіч і Уладзімер Пуцін 28 ліпеня ў рамках сьвяткаваньняў дня ВМФ і ўрачыстасьцяў з нагоды 1025-годзьдзя хрышчэньня Русі, амаль цэлы дзень правялі ў Крыме.

Гэтыя ўрачыстасьці Пуцін выкарыстаў, каб пераконваць Януковіча далучыць Украіну ад Мытнага саюза і адмовіцца ад эўрапейскай інтэграцыі.

Пасьля «аранжавай рэвалюцыі» Ўкраіна ўзяла курс на ўступленьне ў НАТО, што выклікалі сур’ёзную занепакоенасьць Масквы. Аднак пасьля зьмены ўлады прэзыдэнт Віктар Януковіч абвясьціў краіну пазаблёкавай і пагадзіўся падоўжыць тэрмін знаходжаньня ў Крыме расейскага Чарнаморскага флёту як мінімум да 2042 года. Гэтая дамоўленасьць не пакінула Ўкраіне нават магчымасьці думаць аб уступленьні ў НАТО — на тэрыторыі краіны, якая прэтэндуе на далучэньне да Паўночнаатлянтычнага саюза, ня могуць разьмяшчацца ваенныя базы дзяржаў, якія не ўваходзяць у гэтую арганізацыю.



У 2008-м Уладзімеру Пуціну ўдалося не дапусьціць атрыманьня Кіевам Пляну дзеяньняў адносна сяброўства ў НАТО, цяпер ён патрабуе ад Януковіча адмовіцца ад заключэньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, падкрэсьлівае кіраўнік кіеўскага цэнтру «Адкрытая палітыка» Ігар Жданаў:

«Набор аргумэнтаў расейскага боку — танны газ, спыненьне гандлёвых войнаў, льготны доступ ўкраінскіх тавараў на тэрыторыю краін Мытнага саюза. Гэта значыць, гэта, перш за ўсё, прэфэрэнцыі эканамічнага характару. Відавочна, што гаворка ідзе і пра нейкія асабістыя прэфэрэнцыі для Януковіча, у палітычнай абароне для яго ад ціску ЗША і Эўразьвязу. Вядомыя і контраргумэнты — тэрыторыя ЭЗ для Ўкраіны як патэнцыйны рынак больш прывабная, чым тэрыторыя краін Мытнага саюза. І ў Кіеве выбар на карысьць ЭЗ многія разглядаюць нават не як эканамічны, а як цывілізацыйны выбар».



Як заявіў Уладзімер Пуцін, Расея будзе паважаць любы выбар Украіны ў галіне эканамічнай інтэграцыі, але мяркуе, што канкурэнтныя перавагі ўкраінская эканоміка можа атрымаць, толькі аб’яднаўшыся з расейскай.

Па выніках гэтых сустрэч ўкраінскія палітолягі зрабілі выснову, што Пуціну пакуль так і не атрымоўваецца схіліць Януковіча да зьмены ўкраінскага выбару. Сацыялягічная група «Рэйтынг», на якую спасылаецца «Газета.Ru», сьцьвярджае, што ўступленьне Ўкраіны ў Мытны саюз падтрымлівае толькі 40% яе насельніцтва, і і гэты лік няўхільна зьніжаецца. Астатнія выступаюць за інтэграцыю з Эўропай, тады як супраць такога саюза з заходнімі суседзямі — толькі 26% жыхароў Украіны.

XS
SM
MD
LG