Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна цьвёрдых знакаў


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Баўгарыя, краіна суцэльнай кірыліцы, зьдзіўляе плоймаю цьвёрдых знакаў. Мяккія таксама здараюцца, але ў спалучэньні з «о»: «шофьор». Львіная доля летніх адпачыньнікаў – расейцы. Яны бачаць мноства нібы сваіх слоў, але «з выбрыкам»: «председател», «въздух». Нават мая ўсходнеславянская душа за іх журыцца крыху, усё ж такі псыхалягічны дыскамфорт атрымліваецца пры нібыта падабенстве моў.

Што такое цьвёрды знак? Хутчэй пропуск галоснай. У тытрах амэрыканскага фільма трапляецца імя з чатырох літар, паміж якімі ажно тры цьвёрдыя знакі і ніводнай галоснай літары! Беларуская рука тым часам імкнецца, адваротна, насыціць мяккімі тэкст у афіцыйным правапісе.

Зацятае імкненьне пазьбягаць галосных – баўгарская мова. Цьвёрдыя знакі на кожным кроку, негалосныя ўтвараюць у газэтных радках тромбы. Нібы выціскаеш зь сябе паветра мяккіх гукаў, ствараючы самому сабе пэўныя складанасьці ў маўленьні. Словы быццам кладуць пад цяжар, пазбаўляючы вільгаці. Так робяцца балканскія плескавіцы, між іншым. Хаця баўгарскія хутчэй нагадваюць звычайную катлету, але вялікую. Сапраўдная плескавіца ўсё ж – чарнагорская. Зь мяснога фаршу выціскаюць усе сокі, яна робіцца зьбітай, нібы пляцак суцэльнага мяса. Тым часам цьвёрдымі знакамі чарнагорцы не карыстаюцца.

Цьвёрдыя знакі, кажуць, – уплыў турэцкай мовы на славянскую. Яна нібы сьцялася ў кулак, ператварылася ў каляны гарэшак…

Канечне, Баўгарыя таксама краіна ракіі. Прадстаўніца турфірмы – «завіце мяне Валя» – шчыра кажа, што «баўгары здольныя зрабіць ракію ў любым рандэлку абы на агні». Мяркуючы па ўзросьце, Валю маглі назваць на ўзор першай жанчыны ў космасе. Нечакана для сябе стаўлю яе ў тупік: «Скажыце, а баўгары адпомсьцілі ці проста пажартавалі з хана Крума? Ён жа забараніў піць, а ў крамах сёньня мноства ракіі і віна зь яго імем?»

Яна нічога ня можа адказаць, узгадвае толькі, што гэты правіцель напісаў першыя баўгарскія законы. Сапраўды так. А разам загадаў зьнішчыць вінаградную лазу да апошняга куста. Крум прыбыў да баўгараў з суседняга Аварскага каганату, разьбітага Карлам Вялікім. Ён лічыў – таму, што аварцы былі вялікімі аматарамі бутэлькі. Не люблю ўсёзнаўцаў. Мой выпадак іншы: у маім рамане прыклад аб спляжаных вінаградніках быў вельмі да месца, таму я ведаю аб гэтай старадаўняй, «дагарбачоўскай» гісторыі.

Што да вінарні «Хан Крум», яна была заснаваная ў 1939 годзе.

Баўгарыя – краіна жалобных абвестак. Псыхалягічна крыху дыскамфортная зьява ня толькі для заходнікаў, але й для праваслаўных братоў-расейцаў. У Чарнагорыі чорна-белыя абвесткі аб сьмерці з партрэцікам – на вулічных стэндах, скажам, на прыпынках. У Беластоку – каля сабору на дошцы для аб’яў. У Баўгарыі яны ў лепшым разе на дзьвярах дамоў. А так – на шыбах і дзьвярах крамаў, вельмі шмат – на дрэвах, проста ксэракопіі. І звычаі іншыя: зусім не абавязкова, каб нехта памёр нядаўна, вісяць абвесткі, каб нагадаць аб гадавінах сьмерці – другой, шаснаццатай, трыццаць трэцяй…
Жалобная абвестка на дрэве
Жалобная абвестка на дрэве

Паморые – невялікі горад на вузкім паўвостраве – мае ліманнае возера з гразямі. Яшчэ адна моўная пастка: вас запрашаюць «на калалячэньне», што па-баўгарску і азначае лячэньне гразямі. Прыходзь бяры, бясплатна! Не шкада! Аднак раптам гразеадстойнік ачапілі стужкай: не заходзіць, ня браць! Праўда, ні паліцыі, ні якой іншай аховы. Гэтыя ўкраінкі (глядзі на здымку) набралі гразі па-партызанску, абмазаліся з ног да галавы. Гразь змывалі гразьзю – у ліманным возеры.

Змываюць гразьзю ўкраінкі гразь
Змываюць гразьзю ўкраінкі гразь

Назвы вуліц – асобная песьня. Усё ханы і цары, ёсьць таксама вуліца «Цар освободител». Мяркую, гэта той, што паслаў армію вызваляць баўгараў ад туркаў. Ёсьць вуліцы царскіх генэралаў, графаў. Таксама генэрал-фэльдмаршала Гурко, які армію тую ўзначальваў. Зямляк наш, з Магілёўскай губэрні. Але такой вуліцы ў нас я ня бачыў. А ці шмат выйшла зь беларусаў фэльдмаршалаў?
Вуліца «Генэрал Гурко»
Вуліца «Генэрал Гурко»

З далёкіх Мастоў даходзіць аднойчы вестка: у наднёманскай вёсцы ўспомняць паэта-земляка Явара. За польскім часам сам сябе сьмяротна параніў, нібыта празь няшчаснае каханьне. Паэт-рыбак. Але такі тут кволы інтэрнэт, што ліста не напісаць у адказ.

Аднак у «яваровых днях» усё ж паўдзельнічаць я здолеў. Гатэль на вуліцы паэта Яварова, за дзьвесьце мэтраў помнік над морам. Напісаў ён п’есу сто гадоў таму «аб трагічным каханьні беднага адваката да дачкі багатых бацькоў». Напэўна мова была пра яго самога. Ці варта дадаваць, што скончыў самагубствам? Напэўна дрэва явар – ня самае ўдалае для прозьвішча ці псэўданіма, асабліва для паэтаў.
На «яваровых днях» у Паморые
На «яваровых днях» у Паморые

Усім раздалі зьнічы, каб запаліць для баўгарскага клясыка. «Кмет града», іхні старшыня гарвыканкаму, якога зваць, дарэчы, Іван Алексіеў, выкарыстаў сваю запальнічку для ўсіх ахвотных. Але мой зьніч загас, не пасьпеў яго паставіць да помніка. У многіх яны гасьлі, кволыя зьнічы. А я ў другой руцэ яшчэ трымаў фотаапарат і пстрыкаў. Даруй паэт баўгарскі, што зьніч як цьвёрды знак, як перашкода штучная, якую не заўжды пераступіць, пераадолець ды сходу запаліць…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG