Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыцары сабраліся ў Мсьціславе


Княгіня Анастасія Слуцкая ды князь Расьціслаў Мсьцілаўскі едуць на ўрачыстасьць адкрыцьця фэстывалю

Княгіня Анастасія Слуцкая ды князь Расьціслаў Мсьцілаўскі едуць на ўрачыстасьць адкрыцьця фэстывалю

27 ліпеня ў Мсьціславе ў шосты раз пачаўся фэстываль сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст. Мсьціслаў-2013».

На два дні фэстывалю цэнтральныя вуліцы Мсьціслава ператварыліся ў кірмаш, а замчышча — у пляцоўку для рыцарскіх турніраў. На замчышчы ўдзельнікі фэсту разгарнулі і свае намёты.

Больш за трыццаць рыцарскіх клюбаў возьмуць удзел у збройных турнірах, паказах строяў старадаўняе моды, выступяць з канцэртамі. Бальшыня мерапрыемстваў адбудзецца на мсьціслаўскім замчышчы. Традыцыйна фэст праходзіць на ўгодкі Грунвальдзкай бітвы, на якой праславілася мсьціслаўская дружына.

Рыцары на турніры

Рыцары на турніры



Галоўнымі пэрсанажамі дзейства традыцыйна былі княгіня Анастасія Слуцкая ды князь Расьціслаў Мсьцілаўскі. Да грамады яны зьвярталіся на расейскай мове. Па-расейску прамаўлялі і іншыя ўдзельнікі ўрачыстасьці. Славілі подзьвіг беларускіх дружын, што ўдзельнічалі ў бітве пад Грунвальдам зноў жа на расейскай мове. Беларуская мова загучала, калі пачалі абвяшчаць назвы клюбаў. Акрамя беларускіх клюбаў, на Мсціслаўскі фэст прыехалі іхныя калегі з Украіны, Расеі ды Татарстану.

Упершыню фэст адбыўся ў 2007 годзе. Задумаў яго пробашч Мсьціслаўскага касьцёлу Караль Тамэцкі. Ажыцьцявіць задуманае дапамагла нефармальная аналітычная група Агенства гуманітарных тэхналёгіяў зь Менску. Дапамагалі і мясцовыя ўлады. Паводле супрацоўніцы Агенства Юліі Галіноўскай, «Мы спрабавалі высьветліць патэнцыял актыўнасьці мясцовай грамадзянскай супольнасьці. Мы хацелі, каб у фэстывалі больш была задзейнічана мясцовая грамадзкасьць, аднак гэта не ўдалося ажыцьцявіць. Урэшце фэстываль стаў простай забавай для насельніцтва, але добра, што ён жыве і ў такім выглядзе. Некаторыя нашы задумы ўключаюцца дагэтуль у праграму фэсту, і гэта радуе».

Заўзятары рыцарскіх турніраў

Заўзятары рыцарскіх турніраў



Фэстываль сярэднявечнай культуры ў Мсьціславе — адзіны на Магілёўшчыне. Яго наведваюць сотні гасьцей з іншых мясьцінаў Беларусі і замежжа. Паводле мясцовых жыхароў, стары горад, калі адбываецца сьвята, ажывае.

Фэстываль праходзіць пры ўзмоцненым кантролі з боку міліцыі. Уваход на замчышча на рыцарскія турніры — платны.

Рыцар у чаканьні турніра

Рыцар у чаканьні турніра



Дамы рыцараў

Дамы рыцараў



Грамада гледачоў на адкрыцьці фэсту

Грамада гледачоў на адкрыцьці фэсту



Рыцарскія намёты на Мсьціслаўскім замчышчы

Рыцарскія намёты на Мсьціслаўскім замчышчы

XS
SM
MD
LG