Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў настойвае на ўдзелу ў мясцовых выбарах


Намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў прааналізаваў сытуацыю з выбарамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў, якія маюць адбыцца не пазьней за сакавік 2014 году.

Ён сказаў, што «з галоў некаторых рэгіянальных кіраўнікоў партыі не выветрылася думка, што партыйцы ня хочуць вылучацца ў мясцовыя саветы, паколькі не бачаць ў гэтым матывацыі. Гэтую думку трэба адназначна адкінуць».

Рыгор Кастусёў прыклад магілёўскай абласной арганізацыі, дзе ўзяліся на працу і ўжо маюць дастаткова вялікую колькасьць кандыдатаў. Ён падкрэсьліў, што з асабістых назіраньняў падчас удзелу ў кампаніі «Народны рэфэрэндум», ён пераканаўся, людзі хочуць ад кандыдатаў у дэпутатаў не агульных разважаньняў аб агульных праблемаў, а канкрэтнага рашэньня канкрэтных мясцовых справаў.

На сойме было дакладзена, што пяць арганізацыяў (БНФ, рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду», БСДП(Грамада), аргкамітэт партыі па стварэньні БХД прыйшлі да згоды аб стварэньні супольнай кампаніі назіраньня за мясцовымі выбарамі. Гэта будзе аўтаномная кампанія, аддзеленая ад назіраньня праваабаронцаў.

Падчас дыскусіі старшыні партыі Аляксею Янукевічу задалі пытаньне ці будзе да часу мясцовых выбараў вызначаны адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары 2015 году, каб скарыстаць кампанію для раскруткі патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты. На гэта Аляксей Янукевіч адказаў, што жадаючых стаць адзіным кандыдатам шмат, аднак малаверагодна, што гэты чалавек вызначыцца да канца сёлетняга году. «Але я думаю, пачынаючы з 2014 сьпіс прэтэндэнтаў пачне імкліва скарыстацца».

Прэзыдэнцкія выбары пройдуць у 2015 годзе.

Сойм БНФ ухваліў таксама ўдзел партыі ў заснаваньні беларускага Экалягічнага камітэту імя Івана Нікітчанкі. Актыўны ўдзел у гэтай працы прымаюць прадстаўнікі Экадому, Зялёнай сеткі, партыі «Зялёныя», аргкамітэту па стварэньні парты БХД ды іншыя. Гэта будзе аб’яднаньне не асобаў, а шэрагу арганізацыяў.

Пасьля завяршэньня сойму партыі БНФ адбылося паседжаньне сойму ГА «БНФ Адраджэньне». Была зьвернута ўвага на неабходнасьць больш актыўнай дзейнасьці гэтай арганізацыі асабліва ў культурніцкім накірунку. Быў створаны аргкамітэт для адзначэньня 25-угодкаў ГА «БНФ адраджэньне». Ачоліць яго прапанавана Аляксею Янукевічу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG