Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ прапануе правесьці 8 верасьня пікеты супраць расейскай авіябазы


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Удзельнікі соймавага паседжаньня падчас рэгістрацыі мелі магчымасьць атрымаць паштоўкі. Гэтыя паштоўкі прапанавана накіраваць сёньня на адрас палітвязьняў, каб павіншаваць іх з Днём прыняцьця дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь.

У дакладзе пра палітычную сытуацыю, з якім выступіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч, гаварылася пра тое, што ўлады працягваюць ціск на дэмакратычную супольнасьць. У якасьці прыкладаў прыводзілася асуджэньне Аляксандра Гайдукова, звальненьне з працы доктара Івана Шэгі. Таму разьлічваць на нейкую лібэралізацыю не выпадае.

Аляксей Янукевіч сказаў, што, паводле дадзеных сацыёлягаў, падтрымка асабіста Аляксандра Лукашэнкі і ягонай вэртыкалі зьмяншаецца, і таму зараз вельмі важна і адказна даводзіць людзям пра неабходнасьць кардынальных зьменаў. Гэта пацьвярджаюць першыя прамежкавыя вынікі кампаніі «Народны рэфэрэндум», у якой актыўна ўдзельнічае партыя БНФ. Людзі лічаць неабходным правядзеньне Народнага рэфэрэндуму і гатовыя ўдзельнічаць у яго падрыхтоўцы.

Што тычыцца зьнешнепалітычнай сытуацыі, то ў партыі БНФ выклікае асаблівую небясьпеку магчымае разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай авіяцыйнай базы. Таму Аляксей Янукевіч прапанаваў сіламі партыі БНФ правесьці 8 верасьня ў розных гарадах Беларусі пікеты супраць разьмяшчэньня расейскай авіябазы на беларускай зямлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG