Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт: Пра небыліцы і страшылкі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Нядаўні візыт А. Лукашэнкі ў Кітай, грамадзкія слуханьні ў Смалявічах наконт пабудовы Кітайска-беларускага тэхнапарку абвастрылі спрэчкі ў беларускім грамадзтве наконт зьместу і пэрспэктываў супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем. Гэтае пытаньне выклікала жорсткую палеміку паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі мэдыямі.

Газэта «Советская Белоруссия» за 24 ліпеня надрукавала артыкул Дзьмітрыя Крата «Кітайскія матывы», у якім аўтар абрынуўся на тых грамадзян, якія крытычна ацэньваюць будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.
«Ці то мэтанакіравана ад „пятай калёны“, ці то проста дзеля шкоднасьці»

«Ці то мэтанакіравана ад „пятай калёны“, ці то проста дзеля шкоднасьці», — заключае Д. Крат і працягвае:

«Яны і цяпер працягваюць бударажыць людзей выдумкамі змрочных карцін. Калі ім паверыць, то... сама тэрыторыя становіцца чорнай дзіркай, празь якую хлыне цунамі кітайскіх эмігрантаў і вокамгненна накрые Беларусь. Лухта, вядома. Але ж нехта яе нясе. Магчыма, дзеля самарэклямы. А хутчэй за ўсё, па сталай звычцы нашкодзіць. Іх жахае сама думка, што Беларусь можа атрымліваць выгадныя інвэстыцыі».

Карацей, усе, хто думае інакш, чым журналіст прэзыдэнцкай газэты, — шкоднікі і ворагі, якія сьпяць і думаюць, як мацней напаскудзіць краіне, перашкодзіць выгадным інвэстыцыям. Нават для «Советской Белоруссии» рыторыка ў стылі 1937 году — гэта занадта.

Намесьнік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксей Мацевіла ў сваім блогу «Кітайскія ўрокі» на сайце БЕЛТА у спрэчцы з апанэнтамі прыводзіць рацыянальныя аргумэнты.

Вось, напрыклад. «Першая небыліца тычыцца ўзроўню двухбаковых адносін. Чаго толькі апошнім часам на гэтую тэму не нафантазіравалі: і што нас не ўспрымаюць сур’ёзна, і што адносіны стратэгічнага партнэрства былі ўсталяваныя толькі ў гэты візыт...» — піша А. Мацевіла.
А нашы суседзі — Расея, Украіна, Польшча — зафіксавалі статус стратэгічнага партнэрства з Кітаем раней за нас.

Якая ж тут фантазія? Гэта ж факт, што ў сумеснай дэклярацыі па выніках апошняга візыту Лукашэнкі ў Пэкін Кітай упершыню пагадзіўся лічыць Беларусь сваім стратэгічным партнэрам. Хоць беларускі бок настойваў на гэтым ужо шмат гадоў, але ў ранейшых беларуска-кітайскіх дакумэнтах такога тэрміну не было. А нашы суседзі — Расея, Украіна, Польшча — зафіксавалі статус стратэгічнага партнэрства з Кітаем раней за нас.

А. Мацевіла прыводзіць думку высокага чыноўніка КНР, які кажа: «Кітайскі бок надае вялікае значэньне паглыбленьню супрацоўніцтва з вашай рэспублікай. І па аб’ёме, і па сфэрах гэтае супрацоўніцтва — вядучае сярод усіх краін СНД».

Ці насамрэч вядучае? Ня будзем нават параўноўваць узровень эканамічнага супрацоўніцтва Кітаю з Расеяй (РФ, хто забыў, — сябра СНД). Цікава, што аўтар у сваім блогу сам жа і абвяргае гэтае цьверджаньне. Ён піша: «Суседняя Ўкраіна, якая мае ўсе магчымасьці крэдытавацца ў ЗША і ЭЗ, ужо ўзяла менавіта кітайскіх крэдытаў больш, чым мы — на 6,6 млрд даляраў — і мае намер браць яшчэ». І, дарэчы, аб’ём гандлю паміж Кітаем ды Ўкраінай у 2012 годзе склаў 9,8 млрд даляраў, а паміж Кітаем і Беларусьсю — каля 3 млрд даляраў.

Сп. Мацевіла працягвае сваю завочную дыскусію з апанэнтамі.

«Другая небыліца тычыцца пытаньня пра нібыта нявыгаднасьць гандлёва-эканамічнага і крэдытна-інвэстыцыйнага супрацоўніцтва з Кітаем. Так, у гандлі з Кітаем у нас адмоўнае сальда. І гэта абсалютна натуральна: гаворка ідзе пра сусьветную фабрыку, якая сама забясьпечвае ўвесь сьвет прамысловай прадукцыяй, а закупляе сыравіну, харчы і тэхналёгіі».

Праблема нават ня ў тым, што ў гандлі з КНР мы маем устойлівае адмоўнае сальда, а ў тым, што гэтая нэгатыўная для нас тэндэнцыя нарастае. Калі ў 2009 годзе Беларусь купіла ў Кітаі тавараў на 1 млрд даляраў больш, чым прадала гэтай дзяржаве, то ў 2012-м гэты паказчык павялічыўся ўдвая. Беларускі экспарт на кітайскі рынак мае тэндэнцыю да падзеньня, а аб’ём тавараў, якія завозяцца з КНР у нашу краіну, расьце. І чым больш Лукашэнка робіць візытаў у Паднябесную, тым мацней замацоўваецца гэты трэнд. Мяркуючы па ўсім, па выніках 2013 году адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з КНР павялічыцца яшчэ больш з-за таго, што Кітаю ўдалося дамагчыся значнага зьніжэньня закупной цаны на беларускія калійныя ўгнаеньні — наш асноўны экспартны тавар. Зьвернемся да тых кантрактаў, якія, як паведамляецца, заключаныя ў ходзе апошняга візыту А. Лукашэнкі. З сумы ў 1,5 млрд даляраў на долю паставак у Кітай беларускай прадукцыі прыпадае, па вельмі грубых падліках, 150–200 млн даляраў. Усё астатняе — гэта кітайскі імпарт. Такім чынам, выходзіць, што з гэтага пункту гледжаньня гандаль з Кітаем для Беларусі нявыгадны, бо пагаршае галоўную праблему беларускай эканомікі — зьнешнегандлёвы дэфіцыт.
«Прыежджых спэцыялістаў будзе каля 30 тысяч. Прыкладна такая колькасьць кітайскіх грамадзян ужо сёньня прысутнічае ў нашай краіне — гэта неяк адбілася на нашым штодзённым жыцьці?»

А. Мацевіла ўсьлед за Д. Кратам спрабуе абвергнуць яшчэ адну «страшылку», нібыта ў тэхнапарк пад Смалявічамі прыедуць дзясяткі тысяч кітайцаў. Аўтар супакойвае суграмадзян:

«Прыежджых спэцыялістаў будзе каля 30 тысяч. Прыкладна такая колькасьць кітайскіх грамадзян ужо сёньня прысутнічае ў нашай краіне — гэта неяк адбілася на нашым штодзённым жыцьці?»

Не хацелася б нікога страшыць. Але і адмахвацца ад праблемы ня варта. Беларускае грамадзтва досыць гамагеннае. Пры ўсёй талерантнасьці беларусаў зьяўленьне ў кароткія тэрміны ў адным месцы такой вялікай калёніі іншаземцаў, прычым людзей з зусім іншай культурай, ня можа ня выклікаць пэўнай фрустрацыі. Гэта пры тым, што сотні тысяч грамадзян Беларусі разьехалася па сьвеце ў пошуках працы. Мы бачым, якія праблемы ствараюць мігранты ў краінах Заходняй Эўропы. Таму ў гэтым пытаньні, прынамсі, патрэбная асьцярожнасьць і абачлівасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG