Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі могуць забараніць прыватным асобам трымаць сьвіней


Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва BNS, пра гэта заявіў кіраўнік Дзяржаўнай харчова-вэтэрынарнай службы Літвы Ёнас Мілюс па выніках сустрэчы кіраўнікоў вэтслужбаў Беларусі, Расеі, Украіны і Літвы 25 ліпеня.

«Беларусь цяпер ужо падзелена на дзьве зоны бясьпекі. Абмяжоўваецца перамяшчэньне жывёлы, перавозка і захоўваньне харчовых тавараў. Разглядаецца магчымасьць забараніць жыхарам трымаць сьвіней па ўсёй краіне», — сказаў Мілюс.

Ён адзначыў, што балтыйскія краіны і Польшча павінны рабіць больш жорсткімі меры па барацьбе з распаўсюджваньнем агрэсіўнай афрыканскай чумы сьвіней.

Паводле Мілюса, у Беларусі афіцыйна пацьверджаныя два асяродкі афрыканскай чумы сьвіней, якія ўжо ліквідаваныя. Ён сьцьвярджае, што іншыя краіны Балтыі і Польшча павінны распачаць прэвэнтыўныя захады, якія ўжо пачала рабіць Літва.

Мілюс адзначыў, што на беларускіх прамысловых комплексах — каля 3,5 млн сьвіней, таму перш за ўсё робіцца спроба абараніць іх.

Паводле Мілюса, на сустрэчы ў Менску быў прадстаўлены прагноз расейскіх навукоўцаў, згодна зь якім афрыканская чума сьвіней пашырыцца на балтыйскія краіны і Польшчу, а праз Украіну — на Вугоршчыну і Аўстрыю.

Літва пачала ўжо праводзіць дэзінфэкцыю аўтамабіляў, якія ўяжджаюць на яе тэрыторыю, а таксама абутку і рук людзей.

Апроч таго, літоўскія ўлады хочуць абсталяваць на мяжы зь Беларусьсю сьцяну дзеля абароны ад АЧС і просяць кіраўніцтва ЭЗ дапамагчы ў гэтым.

Па дапамогу ў ЭЗ зьвярнуліся таксама іншыя эўрапейскія суседзі Беларусі — Латвія і Польшча.

Часовую забарону на ўвоз сьвіней і сьвініны зь Беларусі ўвялі ў Расеі, Украіне, Польшчы, Літве і Латвіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG